
- Зараз, Соня, пацярпi... прыдзем - напаю цябе чаем зь зёлкамi, супакойвала яна сястру i вечаровая палымнiца, што дагарала на захадзе, барвовай плямай расплывалася ўваччу.
Ноччу Сонi стала дрэнна. Прабiтая пятка пасiнела, нага пачала пухнуць i да Соньчынага лобу немагчыма было дакрануцца, такi ён быў гарачы. Яна прыклала да ранкi лiсьцiк трыпутнiку, потым альяс, напаiла сястру адварам зьверабою, але нiчога не дапамагала: сястра марнела на вачах i дзед Таўпiла, якога яна паклiкала ранiшнiм дасьвецьцем, ледзь чутна прашаптаў:
- Лекi патрэбныя... можа быць заражэньне крывi.
"Якiя лекi? Пра што ён кажа? Яшчэ летась усё да апошняга парашку аддалi партызанам", - падумала яна ў тую хвiлiну, а сусед, падхапiўшы з падлогi кошык з грыбамi, раструшчыў абвялымi пальцамi крохкую паганку i дадаў:
- На лесасеку немец прыяжджае... пагаманю зь iм.
Таўпiла падаўся з хаты, яна вышла следам, села, сьцепанаючыся ад ранiшняга халадку, на ганак i заплакала. Сонца з урачыстай павольнасьцю ўзнялося над небакраем, доўгi цень ад калодзежнага асьверу прапоўз ад адрыны да паркану, а яна, ужо бяз сьлёз, усё сядзела на ганку, невiдушча глядзела ў бок Дабранскай гары i страшныя думкi кроiлi сьвядомасць: яна з падступнай злараднасьцю думала пра тое, што Мiцька Дзянiсенка так i не дамогся Сонi. А з Дабранскай гары тым часам увiшным мурашом спаўзала цёмная фiгурка - нехта ехаў на веласiпедзе.
Пазбылася одуму толькi тады, як пачула бразгат веласiпеднага званку: ля весьнiц стаяў малады немец i махаў рукою.
- Зонiа? - запытаўся нечаканы госць i яна кiўнула ў адказ.
Немец неяк дзiўна павёў вачыма, перапытаў: - Ты ест Зонiа? - i толькi тады яна канчаткова ачулася, тыцнула пальцам у бок хаты, дрогкiм голасам паведамiла:
- Соня там... хворая.
Яна даўно ўжо запрыкмецiла гэтага немца - ён часьцяком праяжджаў на веласiпедзе мiма iхнай хаты, кiруючыся з Азярышча на лесасеку - i заўсёды дзiвiлася - як гэта фрыц не баiцца ехаць цёмным лесам. Iншы раз яна сустракала веласiпедзiста, стоячы пасярод двара, той вiтаў яе бразгатлiвым званком, махаў рукою, аднак нiколi не спыняўся. I вось сёньня спынiўся i змучаная бяссоньнем галава не адразу ўцямiла - адкуль малады фрыц ведае сестрына iмя.
