
У нашу камянiцу яны перабралiся ў пачатку красавiка. Уставалi даволi рана, пiлi чай з бляшанага самавара i разам выходзiлi ў горад. Яна даваць урокi, ён - у кантору.
Гэта быў дробны чыноўнiчак, якi на сваiх начальнiкаў аддзелаў глядзеў з такiм здзiўленнем, як падарожнiк на Татры. Затое павiнен быў шмат працаваць, цэлымi днямi. Бывала, я назiраў яго i апоўначы, каля лямпы, згорбленага над столiкам.
Жонка звычайна сядзела каля яго i шыла. Часамi, зiрнуўшы на мужа, яна перапыняла працу i гаварыла, як быццам штосьцi нагадваючы:
- Ну, хопiць ужо, лажыся спаць.
- А ты калi ляжаш?
- Я... вось толькi кончу некалькi шыўкоў...
- Ну... дык i я напiшу некалькi радкоў...
Зноў абое схiлялiся i рабiлi кожны сваё. I зноў праз нейкi час яна гаварыла:
- Лажыся!.. Лажыся!..
Часамi на словы яе адказваў мой гадзiннiк, б'ючы першую гадзiну.
Людзi гэта былi маладыя, нi прыгожыя, нi брыдкiя, наогул спакойныя. Наколькi я памятаю, яна была значна шчуплейшая за мужа, якi быў добра такi таўставаты. Сказаў бы я, што нават затоўсты, як на малога чыноўнiка.
У кожную нядзелю, каля паўдня, яны выходзiлi на шпацыр, трымаючыся пад ручку, i дадому вярталiся познiм вечарам. Абедалi, вiдаць, у горадзе. Аднойчы я сустрэў iх каля брамы, што аддзяляе Батанiчны сад ад парку Лазенкi. Яны купiлi два куфлi выдатнага лiманаду i два вялiкiя пернiкi; прычым выразы твару былi ў iх спакойныя, як у мяшчан, якiя прывыклi за чаем есцi гарачую шынку з хрэнам.
Наогул бедным людзям трэба няшмат для падтрымання душэўнай раўнавагi. Трохi яды, шмат работы i шмат здароўя. Астатняе неяк прыходзiць само па сабе.
Маiм суседзям, здаецца мне, яды хапала, тым больш работы. Горш было са здароўем.
Неяк у лiпенi ён прастудзiўся, зрэшты, не надта. Але пры гэтым чамусьцi пачаўся яшчэ i кровацёк, ажно да страты прытомнасцi.
