
Было гэта ноччу. Жонка, захутаўшы яго ў пасцелi, прывяла дворнiчыху, а сама пабегла па доктара. Абышла пяцярых, а ледзь знайшла аднаго, i то выпадкова, на вулiцы.
Доктар, зiрнуўшы на жанчыну пры мiгатлiвым святле лiхтара, палiчыў патрэбным перш за ўсё супакоiць яе. А таму, што яна пахiствалася, вiдаць, ад стомы, а рамiзнiка на вулiцы не было, ён узяў яе пад руку i, на хаду, растлумачваў, што кровацёк яшчэ анiякi не доказ.
- Кровацёк можа быць гарлавы, страўнiкавы, насавы, рэдка калi з лёгкiх. Зрэшты, калi чалавек заўсёды быў здаровы, нiколi не кашляў...
- О, толькi сяды-тады! - шапнула яна, спынiўшыся, каб перадыхнуць.
- Сяды-тады? Ну, гэта нiчога. У яго, магчыма, лёгкi бранхiт.
- Ага... Гэта бранхiт! - паўтарыла яна, ужо ўголас.
- Запалення лёгкiх нiколi не было?
- Было, - адказала яна, зноў спынiўшыся.
Ногi яе крыху хiсталiся.
- Але ж, вiдаць, ужо даўно? - падхапiў доктар.
- О, вельмi... вельмi даўно! - пацвердзiла яна паспешлiва. - Яшчэ ў тую зiму.
- Паўтара года таму назад.
- Не... Але яшчэ перад Новым годам... О, ужо даўно!
- Ага!.. Якая цёмная тут вулiца, а неба да таго ж захмарана... - гаварыў доктар.
Яны ўвайшлi ў наш двор. Суседка з трывогай спыталася ў дворнiка, што чуваць, i даведалася, што нiчога. У кватэры дворнiчыха таксама сказала ёй, што нiчога не чуваць, а хворы драмаў.
Доктар асцярожна разбудзiў яго, агледзеў i таксама сказаў, што нiчога.
- Я ж адразу сказаў, што нiчога, - азваўся хворы.
- О, нiчога! - паўтарыла яна, сцiскаючы яго спацелыя далонi. - Я ж ведаю, што кровацёк можа быць страўнiкавы або насавы. У цябе, вiдаць, насавы... Ты такi мажны, трэба больш рухацца, а ты ўсё сядзiш... Праўда, пан доктар, што трэба рухацца?..
- Праўда, праўда!.. Рух наогул патрэбны, але муж панi павiнен некалькi дзён паляжаць. Цi нельга выехаць у вёску?
