- Нiчога дзiўнага, што крышку пахудзеў, - адказала жонка. - Толькi ж ужо не трэба перабольшваць...

Муж уважлiва паглядзеў на яе. Яна i вачэй не ўзняла ад работы. Не, такi спакой не мог быць прытворным!.. Жонка ведае ад доктара, што ён не такi ўжо хворы, няма чаго засмучацца.

У пачатку верасня стан нервовай узбуджанасцi пачаў паўтарацца амаль штодня i надоўга.

- Глупства гэта! - гаварыў хворы. - На пераходзе ад лета на восень у самага найздаравейшага чалавека здараецца раздражненне, кожнаму трохi няможацца... Адно мяне толькi здзiўляе: чаму мая камiзэлька штораз, то ўсё свабаднейшая?.. Страшэнна я, мусiць, пахудзеў i, само сабою, не магу быць здаровы, пакуль не патаўсцею зноў!..

Жонка пiльна прыслухоўвалася да гэтага i павiнна была прызнацца, што муж мае рацыю.

Хворы штодня ўставаў з ложка i адзяваўся, нягледзячы на тое, што без жончынай дапамогi не мог нiчога надзець. Толькi яна i дамаглася ад яго, што замест пiнжака апранаў палiто.

- Нiчога дзiўнага, - гаварыў ён часта, гледзячыся ў люстра, - нiчога дзiўнага, што я такi слабы. Як жа я выглядаю!..

- Ну, з твару чалавек заўсёды лёгка мяняецца, - сказала жонка.

- Гэта праўда, але ж я i на целе здаю...

- А можа, гэта толькi здаецца? - спыталася яна з вялiкiм сумненнем.

Ён задумаўся.

- Што ж, можа, i праўда... Бо нават... Некалькi дзён ужо я заўважаю, што камiзэлька мая... штосьцi...

- Ды пакiнь ты! - перапынiла яго жонка. - Не мог жа ты растаўсцець...

- Хто ведае? Бо калi глядзець па камiзэлi, то яно...

- Тады ж i мацнець ты таксама павiнен.

- Ну, ты ўжо хацела б адразу... Спачатку трэба ж трохi папаўнець. Нават, скажу табе, i папаўнеўшы, не адразу паправiшся... А што ты там робiш за шафай? - спытаўся ён раптам.

- Нiчога. Шукаю ў шафе ручнiк i не ведаю... цi ёсць чысты.

- Не пнiся там ажно так, што аж голас мяняецца... Куфар цяжкi...



8 из 10