
Доктар абяцаў, а яна вярталася дадому нiбы заплаканая. Муж, у вынiку вымушанага сядзення дома, таксама стаў раздражнёны i падазроны. Пачаў выгаворваць жонцы, што яна ўжо занадта клапоцiцца пра яго, але ён усё роўна памрэ, а потым спытаўся:
- Доктар не казаў табе, што я i некалькi месяцаў не пражыву?
Жонка здранцвела.
- Што ты гаворыш? - спыталася яна. - Адкуль у цябе такiя думкi?
Хворы ўзлаваўся.
- Ану, iдзi ты да мяне, iдзi! - крычаў ён, хапаючы яе за рукi. - Глядзi мне проста ў вочы i гавары: казаў табе доктар?
Як у гарачцы, ён утаропiўся ў яе. Здавалася, што ад такога позiрку нават каменная сцяна прызналася б, калi было б у чым прызнавацца.
На твары жанчыны з'явiўся дзiўны спакой. У адказ на той дзiкi позiрк яна ўсмiхалася лагодна. Толькi вочы былi як зашклёныя.
- Доктар сказаў, што нiчога, - адказала яна, - толькi трэба табе трохi адпачыць...
Муж раптоўна пусцiў яе, пачаў дрыжаць i смяяцца, а потым, махаючы рукой, сказаў:
- Ну, бачыш, якi я нервовы!.. Конча трэба падумаць, што доктар не спадзяецца... Аднак... ты мяне пераканала... Я ўжо спакойны!..
I яшчэ весялей засмяяўся са сваiх сумненняў.
Зрэшты, такi прыступ падазронасцi больш нiколi ўжо не паўтараўся. Жончын лагодны спакой быў для хворага найлепшым доказам таго, што стан яго нядрэнны.
Бо i чаго тут яму быць дрэнным?
Праўда, быў кашаль, аднак - гэта ж ад бранхiту. Часамi, ад доўгага сядзення, паказвалася кроў - з носа. Ну, як быццам павышалася тэмпература, што ж - нервы.
Наогул ён адчуваў сябе ўсё лепш ды лепш. Вельмi ж хацелася на далёкую праходку, але - крыху не хапала моцы. Прыйшоў нават час, што ён не захацеў удзень ляжаць на ложку, сядзеў на крэсле апрануты, гатовы на выхад, абы толькi пакiнула часовае аслабленне.
Яго непакоiла толькi адна драбнiца.
Аднойчы, надзяваючы камiзэльку, ён адчуў, што яна неяк вельмi свабодная.
- Няўжо я ажно так зблажэў? - шапнуў ён.
