
Гэтая назва, Капры, нагадвала ёй пра Тыберыя*, значыць, пра мурэн, смаляныя паходнi i жоўтыя амфары ў шафранавым пяску.
* Тыберый I, другi рымскi iмператар (42 г. да н.э. - 37 г. н.э.), свае апошнiя гады правёў на Капры.
Арман абхапiў яе за плечы i прыцiснуў да сябе. Але на параходзiку, што плыў да вострава, яму раптам захацелася буры, туману, няважна чаго, абы яно змянiла гэты дэкор з недарэчных раманаў на звычайны пейзаж для звычайных людзей.
З верхняга прыпынку фунiкулёра, адкуль порт быў ледзь вiдаць, праз гэтае нагрувашчанне залiтых сонечным святлом кашолак, стракатых, яркiх колераў шаляў i караляў з ракавiн iх разам з iншымi турыстамi правялi да гатэля. Абапал дарогi ўзвышалiся тэрасы з садамi, перапоўненымi чырвонымi кветкамi. З вокнаў iх пакоя вiдаць былi бухта i купалы манастыра, пабудаванага ў маўрытанскiм стылi. Навокал панавала цiша, якую зрэдку парушалi траскатня цыкад, гук парасона, якi раскрывалi, цi шамаценне пры подыхах марскога ветру сухога лiсця на алiвах. Сады крута спускалiся да самага залiва. Вада, як i ўсё iншае, была цудоўная: блакiтная, празрыстая на вялiкую глыбiню. Маторка пакiдала на ёй доўгi пенны след.
- Гэта краiна, аб якой мараць, - сказала Лора. - Мажлiва, гэта дэкор, але цудоўны! Ах, я хацела б застацца тут на некалькi месяцаў...
- Ты ўпэўнена, што табе не захацелася б у Кабур* цi нават у Каэн?
* Курорт у Нармандыi.
- Чаму ты мне гэта кажаш?
- Не чапай свайго носа, дарагая, бо, гарантую, ты дагуляешся да таго, што там сядзе вялiкая скулячка, якая не дасць табе спакою да канца падарожжа...
- Ты думаеш, што я непрыгожая?
- Мне ты самая прыгожая.
