Вечарам, калi яны вярталiся ў нумар, ногi ў iх гулi, а ў галаве ўсё перамяшалася: захад сонца, мiтры, голыя багiнi, марскiя ракавiны i распяццi.

Арман маўчаў.

- Пра што ты думаеш? - пыталася Лора. - Пра што ты думаеш? Цябе нешта турбуе?

- Не, - казаў Арман, - нiчога. Я цябе кахаю.

- Тады ты павiнен быць вясёлым. Ты не вельмi вясёлы...

- Я больш чым вясёлы, я шчаслiвы.

- У цябе ўсё ў парадку?

- Так, - адказваў ён.

Ранiцай таго дня, калi яны павiнны былi выехаць аўтобусам на Капры, як было прадугледжана праграмай Сусветнага агенцтва, яны адчулi палёгку, хоць самi сабе ў гэтым не прызнавалiся. Згодна з праграмай турыстычнага агенцтва яны павiнны былi правесцi пяць дзён на чароўным востраве. Бо яны не сумнявалiся, што як бы там нi было, а Капры яны будуць успамiнаць усё жыццё.

На жаль, надвор'е выдалася надзiва дажджлiвае для гэтай, звычайна сонечнай, пары. Кампанiя здалася iм чымсьцi накшталт Нармандыi. Яны пiлi цёплую каву з тэрмаса. Лора больш не хварэла, але маленькi прышч на носе зацвярдзеў, пачырванеў i нарваў. Арман супакоiўся. Ён з пяшчотнай пакорлiвасцю глядзеў на пышныя вiнаграднiкi, на пагоркi, ахутаныя туманам. Сонца заззяла якраз тады, калi яны прыехалi ў Неапаль, дзе павiнны былi прабыць толькi гадзiну перад тым, як адплыць на батэла* на Капры. Гэтага было дастаткова, каб пераканацца, што iм не схлусiлi, i гэта сапраўды, як казаў адзiн пасажыр iхняга аўтобуса, варта было таго, каб прыехаць сюды. Дзеля таго, каб пабачыць Везувiй, варта было прыехаць. Не таму, што гэта быў нейкi незвычайны вулкан, асаблiва пасля таго, як ён патух, а таму, што адна назва будзiла думкi пра iншыя такiя самыя вулканы: Этну, Папакатэпельт, Фудзiяму, Кiлiманджара. Дождж вымыў фасады будынкаў, i гэта падкрэслiла язвы бедных кварталаў, але затое надало ўсяму нейкi расквiтнелы, вясновы выгляд. Сонца прыпякала, i над горадам курылася пара. Арман i Лора гаварылi пра "пачуццёвасць" Неапаля. Хлапчукi паспрабавалi прадаць iм аўтаручкi i гадзiннiкi, купленыя ў амерыканскiх маракоў. Iх цяжкiя караблi з гарматамi ў белых чахлах вiднелiся на брудных водах порта.

* Параходзiк (iт.).

- Мне не цярпiцца ўбачыць Капры, - сказала Лора.



9 из 14