- А што, уласна мы тут робiм? - сказаў ён.

- Табе не дагодзiш. Што з табой, любы? Мне здаецца, пасля Рыма ты нешта ад мяне хаваеш.

- Ну што ты, дарагая, не. Гэта анiяк не звязана нi з табой, нi з намi... Але я лiчу, што тут ёсць нешта абсурднае. Я не ведаю... Але ўсё гэта фальшывае. Ну, ты разумееш, фальшывае...

- Але неба, мора, мiндаль не фальшывыя...

- I ўсё гэта становiцца фальшывым. Урэшце стане фальшывым з-за гэтых людзей...

- Але ж мы не такiя, як яны.

- Не, - сказаў ён. - Калi мы тут, мы такiя самыя, як i яны. Такiя, як гэты прыдурак з яго сабакам у садзе. Ведаеш, калi б не расклад нашага падарожжа, я б зараз жа паехаў адсюль.

- А куды? Ты хацеў бы вярнуцца ў Францыю?

- Не ведаю, магчыма. Гэтая краiна не для нас.

- А можа, ты лiчыш, што яна не для мяне? Ты так думаеш? Скажы праўду...

- Ты гаворыш глупства, золатка маё. Я хачу сказаць, што гэтая краiна не мае нiчога агульнага з намi, з нашым звычайным жыццём.

- Не, - сказала яна, - ты не гэта хацеў сказаць...

Дзень цягнуўся кепска, да таго моманту, калi пад вечар з блакiтнай вады купальняў Тыберыя зусiм побач з Арманам вынырнула маладая жанчына, якую ён бачыў з чатырма кавалерамi ў рымскiм рэстаране ў Трастэвэрэ. Белы купальнiк i сонца не зрабiлi яе менш таямнiчай i не змянiлi ганаровага выразу на яе твары, гладкiм i правiльным, якi так уразiў Армана.

- Гэта ж актрыса, якую мы бачылi ў Рыме, - сказаў ён.

- Ну вось, - сказала Лора, - я думаю, што яна прыехала знарок дзеля цябе.

Ён засмяяўся, але смех гэты стаў раптам шчыры. Ён з задавальненнем i нават з пяшчотай паглядзеў на белыя сталы рэстарана, якi размяшчаўся ў двары антычнай вiлы, на чырвоны квадрат ветразя ўдалечынi, потым на тлусты твар загарэлага таўстуна, якi, прыжмурыўшы вочы, прымаў сонечную ванну, расцягнуўшыся на блакiтным з жоўтымi палосамi халаце.

Нехта сказаў па-французску: "Глянь, ды гэта ж Марыя Паска, актрыса. Яна сапраўды чароўная".



12 из 14