Але гэтая дзяўчына насупраць была менавiта такою, з якой яму хацелася б пайсцi на viа Аnniа.

Незнаёмая вельмi свабодна трымалася са сваiмi кавалерамi, трое з якiх былi ўжо ў гадах, а адзiн малады. На iх былi светлыя касцюмы, белыя накрухмаленыя кашулi i вельмi строгiя белыя шаўковыя гальштукi. Яны смяялiся, падлiвалi ёй у шклянку цi гладзiлi яе чорнага кашлатага сабаку, што адзываўся на мянушку Напалеон, якую яны вымаўлялi на iталiйскi манер.

Фраза Стэндаля "Маркотныя хвоi вянчаюць з усiх бакоў пагоркi Вечнага Горада" пачынала зноў адзывацца ў сэрцы Армана. Ён зiрнуў на Лору як бы збоку. "Але ж я кахаю яе, - сказаў ён сабе, - я кахаю яе... Аднак што гэта значыць, я яе кахаю?" Яму захацелася зараз жа пакiнуць Iталiю i вярнуцца ў Каэн, куды яны атрымалi прызначэнне. У Каэне Лора будзе на сваiм месцы, там рэальнае жыццё, не тое, што тут, сярод гэтага дэкору, якi ёй не пасаваў.

- Не чапай носа, - сказаў ён, але на гэты раз рэзка, знервавана. - А то будзе яшчэ горш.

- Што значыць - будзе яшчэ горш? - спыталася Лора. Яна ўзяла яго за руку. Ён моцна сцiснуў яе руку, потым пагладзiў. Яна заплюшчыла вочы. Яны далi акардэанiсту сто лiр.

Viа Аnniа купалася ў месячным святле. Ад кiпарысаў на брук, у якiм антычныя вазы прарэзалi дзве паралельныя каляiны, клалiся блакiтныя ценi. На фоне бледнага неба над магiлай Цэцылii Мэтэла ўздымалася вялiзная рэкламная аўтапакрышка з дрэва. Ноч была чароўная. Паабапал шашы, якой было ўжо не адна тысяча гадоў, стаялi, як конi на прывязi, мотаролеры, чакаючы сваiх седакоў: парачак, схаваных у цемры вясковай ночы, аглушаных звонам цвыркуноў i шчаслiвых у абдымках адно ў аднаго.

- Як прыгожа, - сказала Лора.

У iх было мала часу. Апошнi тралейбус адыходзiў праз чвэрць гадзiны. Яны, трымаючыся за рукi, селi на тумбу дарожнага знака. Арман загаварыў першы.



7 из 14