
- Гэта праўда, - сказала Лора, - i,магчыма, у многiх з гэтых людзей, каму мы прыпiсваем незвычайнае жыццё, балелi ногi цi была непрыгожая жонка, i iм даводзiлася перажываць бог ведае што, каб сплацiць даўгi. Бо, зрэшты, даўгi трэба было сплочваць ва ўсе часы. Макiявелi плацiў свой доўг. Цэзар Борджыа, мажлiва, i не, але гэта ўжо iншая справа.
Арман засмяяўся. Ён быў рады бачыць Лору забаўнай i па-ранейшаму поўнай iдэй. Ён пяшчотна пляснуў яе па левай далонi.
- Паслухай, - сказаў ён, - не чапай гэтага прышча. З iм усё ў парадку, а ты можаш зрабiць толькi горш.
Яны перасталi гаварыць пра Адраджэнне. Памаўчалi. Потым Лора раптам сказала, што ёй хацелася б убачыць viа Аnniа* пры месячным святле. Афiцыянт, якi раней працаваў у Парыжы i выдатна размаўляў па-французску, сказаў, што, вядома, было б лепш, калi б у iх была машына, а так яны могуць праехаць на тралейбусе да Брамы, а адтуль прайсцi пешшу. Гэта будзе цудоўная прагулка, асаблiва для закаханых i асаблiва пры месячным святле.
* Апiева дарога. Пабудавана ў IV стагоддзi да н.э. з iнiцыятывы рымскага цэзара Клаўдзiя Апiя i захавалася да нашых дзён.
Яны яшчэ трохi пасядзелi, дапiваючы з маленькiх шклянак з тоўстага зялёнага шкла белае вiно Шато Рамэн з лёдам. Гэтыя шклянкi былi падобныя да лампад, што гараць перад абразамi Божай мацi. Акардэанiст цяпер iграў неапалiтанскiя мелодыi. За сталом насупраць сядзела жанчына, адна з чатырма мужчынамi. Афiцыянт сказаў, што гэта вельмi вядомая актрыса, але яны яе не ведалi. Рысы яе твару былi настолькi правiльныя, што выклiкалi захапленне. Гладкi i горды рымскi твар. Яна мiргала доўгiмi вейкамi на прыплюшчаных вачах. Арман звярнуў увагу, што на ёй была лёгкая сукенка з выразам. Да Лоры ў яго быў толькi адзiн цi два раманы, калi ён толькi пачынаў сталець. Гэта былi студэнткi, сцiплыя i цнатлiвыя, якiм ён пасылаў лiсты, дзе пiсаў пра iх вучобу i наогул пра жыццё.
