
- Гэта магчыма, - прамовiў Ламбер-Леклерк. - Я не служыў у ведамстве мастацтваў i пры ўсiм жаданнi не мог бы яго прасунуць, але я вам сказаў, што, калi б Шалон захацеў прайсцi ў мяне па спiску забеспячэнцаў, зрабiць гэта вельмi легка.)
- Ён жа не iдыёт, - iзноў загаварыў расказчык. - Але i тое добра, што ты яго не прымушаў. Па спiсках памяцi паэта Эжызiпа Маро Шалон усё ж атрымаў ордэн. Прапануючы яму падпiсаць заяву, я меў неасцярожнасць заўважыць (бо трошкi злаваўся, што ён лiчыць гэта натуральным), колькi мы мелi турбот, каб зрушыпь справу з месца.
- Няўжо? - спахмурнеў ён. - А я думаў, гэта вельмi проста.
- Вядома, проста, каб у цябе былi заслугi...
Ён здзiвiўся з такой шчырасцю, што я адразу змоўк.
* * *
Яго сябры i прыхiльнiкi справiлi яму гучны банкет. Ламбер-Леклерк прывёў мiнiстра асветы, праслаўленага прамоўцу. Былi там два акадэмiкi, яшчэ адзiн з Акадэмii Ганкураў, актрысы, мастакi i некалькi свецкiх львоў. Ва ўсiх быў цудоўны настрой. Чалавек - iстота добразычлiвая, калi ён спакойны i не зайздросцiць. Шалон, якi нiкому не замiнаў, быў кожнаму сiмпатычны, i раз ужо знайшлася магчымасць паспрыяць яго шчасцю, усе з радасцю ўзялiся гэта рабiць. Тыя, хто быў там, разумелi i адчувалi, што герой гэтага свята - фiкцыя, iлюзiя, створаная iх уяўленнем. Яны былi нават удзячны Шалону за тое, што яго iснаванне залежала ад iх ласкi, i смакавалi ў няпэўным зiхаценнi яго поспеху сваю ўласную магутнасць, тое, што яны з нiчога зляпiлi фiгуру. Людовiк Чатырнаццаты любiў людзей, цалкам яму абавязаных, i гэта каралеўская рыса ўласцiва многiм абраннiкам лёсу.
Калi ўсiм прысутным падалi салодкае, хтосьцi з паэтаў прачытаў прыгожыя вершы. Мiнiстр сказаў кароткае слова: тэмпераментна, складна i з гумарам. Ён гаварыў аб сцiплым i глыбокiм уплыве Шалона на сучасную французскую лiтаратуру, аб яго красамоўстве, аб Рываролi i Малармэ. Госцi стоячы вiталi героя вечара. Нарэшце з чароўнай непасрэднасцю хораша выступiў Шалон. Яго слухалi ўважна ў атмасферы агульнай узрушанасцi. Банкет удаўся на славу.
