
- Выбачай, - не згадзiўся Бельтара. - Талстога акружала вялiзная сям'я, i ў гэтым адна з крынiц яго сiлы. Пруст наведваў рэстаран "Рыц", меў шмат сяброў, у якiх заўсёды мог пачарпнуць патрэбную iнфармацыю. Што датычыцца Флабера...
- Нiхто не спрачаецца, - перабiў Сiўрак, - але ўявi сабе Пруста без велiкасвецкiх тэм... У яго б знайшлося, што сказаць... Ён аднолькава цiкава гаворыць i пра сваю хваробу, i пра сваю спальню, i пра сваю старую служанку. Мiж iншым, я магу прывесцi прыклад, якi цябе цалкам пераканае, што нават самага дасцiпнага розуму, пастаўленага ў найлепшыя ўмовы для назiрання, мала, каб стварыць мастацкую рэч. Наш друг Шалон... У каго было больш часу i магчымасцей назiраць за рознымi пластамi грамадства? Шалон бачыў, i вельмi блiзка, пiсьменнiкаў, мастакоў, камерсантаў, акцёраў, палiтычных дзеячаў, дыпламатаў, быў сведкам самых патаемных сцэн чалавечай камедыi. А якiя вынiкi? На жаль, мы гэта ведаем!
- Шалон! - умяшаўся Ламбер-Леклерк. - А што з iм здарылася? Хiба ў каго з вас ёсць весткi пра Шалона?
- Мы заходзiм у адну i тую ж кнiгарню, - растлумачыў Сiўрак, - i я там зрэдку яго сустракаю, але ён робiць выгляд, што мяне не бачыць.
Малады правiнцыял нахiлiўся да гаспадара i цiха запытаў, хто такi Шалон.
- Сiўрак, - папрасiў Бельтара, - раскажы гэтаму хлопцу пра кар'еру Шалона. Для юнакоў прыклад павучальны.
* * *
Сiўрак выпрастаўся, сеў на край канапы i загаварыў. Голас у яго быў скрыпучы, кожны склад ён нiбы адкусваў зубамi. Апавяданне ён пачаў так:
- Не ведаю, малады чалавек, цi чулi вы пра клас рыторыкi ў лiцэi Генрыха Чацвёртага, выпуск 1893 года. Гэты лiцэй, што суседзiць з Пантэонам, даў не менш выдатных выхаванцаў, чым Эколь Нармаль, адкуль выйшлi - Тэн, Прэво-Парадоль, Сарсэ i Эдмон Абу. Клас рыторыкi быў, як мне гаворыць кожны раз пры сустрэчы адзiн з нашых былых настаўнiкаў, "аранжарэяй славутых людзей", паколькi там вучылiся адначасова Бельтара, Ламбер-Леклерк, Фабер i я. Ламбер-Леклерк, як i тады ўжо, рыхтаваўся да грамадскай дзейнасцi: разам з Фаберам пасля заняткаў любiў ацiрацца на скачках...
