
- Ты хоць чын мой паважай! - нахмурыўся намеснiк мiнiстра.
- Тваё правасхадзiцельства быў адзiным сярод нас, хто з юнацкiм запалам прадчуваў сваю будучыню. Бельтара схiльнасцi да малявання не выяўляў, Фабер i не марыў прабiвацца ў драматургi. Наш выкладчык лiтаратуры стары Гамелен казаў яму: "Мой бедны Фабер, вы не адолееце французскай мовы да канца дзён сваiх". Думка слушная, але цяперашняя некультурная публiка з ёю не згаджаецца. Што датычыцца мяне, то найбольшай маёй эстэтычнай асалодай было маляваць Венеру на палях сшыткаў. Шалон дапаўняў нашу групу.
Гэта быў бялявы хлопец з тонкiмi, прыгожымi рысамi твару. Працаваў ён мала, чытаў многа, умеў цудоўна выбiраць паэтаў i гальштукi i, дзякуючы свайму бездакорнаму густу, набыў мiж намi вялiкi аўтарытэт. У той час, прачытаўшы "Гiсторыю трынаццацi" Бальзака, мы вырашылi заснаваць, чацвёра нас i Шалон, "Саюз пяцi". Кожны з "пяцi" павiнен быў падтрымлiваць чатырох астатнiх ва ўсiм i заўсёды. Мы дамовiлiся, што грошы, прызнанне, сувязi, усё, што мог прыдбаць адзiн з "пяцi", павiнна было служыць нашым агульным iнтэрасам. Гэта быў цудоўны праект, але ён так праектам i застаўся, бо, скончыўшы лiцэй, мы разышлiся. Яго правасхадзiцельства i я падалiся ў юрысты, Фабер, якому трэба было зарабляць на жыццё, уладкаваўся да свайго дзядзькi ў банк. Бельтара пачаў займацца медыцынай. Ваенная служба разлучыла нас яшчэ больш, а потым перашкаджалi розныя акалiчнасцi. Шэсць гадоў мы амаль нiчога не ведалi адзiн пра аднаго.
На выстаўцы 1900 года я ўпершыню ўбачыў карцiну Бельтара. Мяне вельмi здзiвiла, што ён стаў мастаком, а яшчэ больш тое, што ў яго быў талент. Нас заўседы глыбока хвалюе, калi мы адкрываем нешта выдатнае ў чалавеку, з якiм сябравалi з дзяцiнства. Тое, што ў генiя былi таварышы, уявiць лёгка, але цяжэй паверыць, што сярод тваiх таварышаў быў генiй. Я яму напiсаў. Ён запрасiў мяне да сябе. Яго майстэрня мне спадабалася, я пабываў там некалькi разоў i, пасля доўгага абмену пiсьмамi i тэлеграмамi, арганiзаваў абед "пяцi". За абедам кожны расказаў, чым ён займаўся, скончыўшы лiцэй.
