У васемнаццаць гадоў, атрымаўшы нiштаватую спадчыну, ён пасялiўся ў невялiчкай кватэры, аблажыўся кнiгамi i працаваў, як ён казаў, адразу ў некалькiх кiрунках. Перш за ўсё, ён пiсаў вялiкi раман, накшталт "Вiльгельма Мейстэра" Гётэ, якi павiнен быў скласцi першы том "Новай чалавечай камедыi". Таксама ён думаў аб драматычным творы, у якiм былi б аб'яднаны дасягненнi Шэкспiра, Мальера i Мюсэ. "Вы разумееце, я жадаю спалучыць фантазiю з iронiяй, лёгкасць з глыбiнёй". Нарэшце, ён пачаў "Фiласофiю духу" - "блiзкую да Бергсана, - гаварыў ён мне, - але значны крок наперад у аналiзе феномена iнтуiцыi".

Я наведаў яго, i кватэра Шалона мне здалася на рэдкасць утульнай, асаблiва, калi прыняць пад увагу, што жыў я тады ў танным пакоi дрэннай гасцiнiцы. Антыкварная мэбля, некалькi гiпсавых злепкаў з шэдэўраў Луўра, удалая копiя з карцiны Гольбейна, палiцы, застаўленыя кнiгамi ў цiснёных вокладках, рысунак Фраганара ў арыгiнале - усё сведчыла аб вытанчаным мастацкiм гусце.

Ён пачаставаў мяне ангельскай цыгарэтай выдатнага смаку i колеру. Я папрасiў яго паказаць мне пачатак "Новай чалавечай камедыi", але нават першая старонка i тая не была закончана. Для п'есы была падрыхтавана пакуль што адна назва, а для "Фiласофii духу" - некалькi картак з нататкамi. Затое ён мне доўга паказваў маленькага "Дон-Кiхота" - выданне пары рамантызму, з цудоўнымi малюнкамi, толькi што iм купленае ў суседняга букiнiста, аўтографы Верлена, каталогi гандляроў карцiнамi. Я з цiкавасцю правёў у яго вечар - вельмi мiлы таварыш.

* * *

Такiм чынам, "Саюз пяцi" аднавiў сваё iснаванне i наша дружба стала нават мацнейшай.

Шалон, якому не было чаго рабiць, наладжваў сувязь мiж намi. Часта ён цэлыя днi праседжваў у майстэрнi Бельтара. З таго часу як быў створаны партрэт мiсiс Джэрвiс, жонкi амерыканскага пасла, Бельтара ўвайшоў у моду. Шмат прыгожых жанчын з'яўлялася да яго, каб ён iх маляваў, i прыводзiла сваiх сябровак прысутнiчаць на сеансе альбо хвалiць гатовую работу.



5 из 23