
Шэраг даволi цiкавых абставiн прымусiў трох з нашай кампанii адмовiцца ад кар'еры, выбранай для нас бацькамi. Каханкай Бельтара стала адна натуршчыца, з якой ён зрабiў для ўласнай забавы некалькi ўдалых эскiзаў. Гэта жанчына зблiзiла яго з мастакамi. Ён працаваў, меў поспех i, праз некалькi месяцаў, зусiм адвярнуўся ад медыцыны.
Потым, апынуўшыся на поўднi, на сваёй радзiме, ён намаляваў безлiч партрэтаў марсельскiх купцоў i, асаблiва, iхнiх жонак, зарабiўшы на гэтым тысяч дваццаць франкаў, што дало яму магчымасць, вярнуўшыся ў Парыж, працаваць для сябе. Ён мне паказаў карцiны, у якiх "сцвярджаўся характар", як гаварылi тагачасныя крытыкi.
Фабера, якi на вечары ў дзядзькi пазнаёмiў гасцей з урыўкам са свайго сцэнiчнага твора ў выкананнi аматараў, расхвалiў адзiн стары пiсьменнiк, друг iхняй сям'i. Гэты добразычлiвы чалавек, узяўшы над iм шэфства, парэкамендаваў Адэону паставiць яго першую п'есу "Стэп". Ламбер-Леклерк быў сакратаром у сенатара ад дэпартамента Ардэш, якi абяцаў зрабiць яго супрэфектам. Я напiсаў некалькi навел i прачытаў iх у прысутнасцi "пяцi".
Шалон слухаў нас уважна. Ён выказаў шэраг тонкiх i справядлiвых думак аб маiх першых спробах, адзначыў, што сюжэт аднае з iх запазычаны з навелы Мерымэ i што мой стыль занадта наблiжаецца да Варэса, якiм я тады захапляўся. Ён бачыў пастаноўку п'есы Фабера i з выключным веданнем тэатральнай спецыфiкi назваў яму сцэну, якую варта было перарабiць. Разам з Бельтара ён прайшоўся па яго майстэрнi i з кампетэнтнасцю мастацтвазнаўцы разважаў аб iмпрэсiянiзме. Потым падтрымаў Ламбер-Леклерка, прааналiзаваўшы палiтычнае становiшча ў дэпартаменце Ардэш з дзiвоснай дакладнасцю. I да нас вярнулася ранейшае ўражанне, што Шалон самы блiскучы з нашай кампанii, i мы, шчыра прызнаючы яго перавагу, у сваю чаргу папрасiлi яго расказаць пра свой жыццёвы шлях.
