
Аднойчы я сказаў яму:
- Ты павiнен пiсаць псiхалагiчныя раманы. Нiхто лепш за цябе не выявiў бы сучаснага Дамiнiка* ў жаночым вобразе.
* Дамiнiк - герой аднайменнага рамана Эжэна Фрамантэна.
- Ну так, я гэта ведаю, - адказаў ён з выглядам чалавека, якi, па горла завалены справамi, вымушаны адхiлiць тое, што ён рабiў бы з прыемнасцю. - Ну так, назiранняў хапае, але ў мяне ёсць пэўная мэта, i я не магу раскiдацца.
У майстэрню часта заходзiў Фабер i браў яго з сабой на рэпетыцыi. З таго часу як з шумным поспехам пачаў iсцi "Карнавал", Фабер стаў значнай фiгурай у тэатрах Вялiкiх Бульвараў. Ён прасiў Шалона падзялiцца свежым уражаннем, бо часам акцёры i рэжысёр да таго стамлялiся, што гатовы былi адмовiцца ад п'есы. Шалон блiскуча спраўляўся са сваёй задачай. Ён выяўляў фальшывыя iнтанацыi i расцягнутыя мясцiны. Спачатку абураныя паводзiнамi чужака, акцёры нарэшце прызналi яго. У процiлегласць аўтару, свайму вечнаму ворагу, яны палюбiлi гэтага чалавека, якi нiчога сабой не ўяўляў. Хутка ён стаў вядомым у тэатральных колах, спачатку як "друг пана Фабера", потым пад сапраўдным прозвiшчам. Бiлецёры з паклонам выдзялялi яму крэсла ў абмен на ласкавую ўсмешку. Усё часцей i часцей яго пачалi заносiць у спiскi запрошаных на прэм'еры i "генералкi".
- Ты павiнен стаць тэатральным крытыкам, у цябе так усё складна выходзiць, - параiў яму Фабер.
- О, напэўна! - адказаў Шалон. - Але ў кожнага свая прафесiя.
У той год, калi кожнаму з "пяцi" стукнула па трыццаць чатыры, мне прысудзiлi Ганкураўскую прэмiю за "Блакiтнага мядзведзя", а Ламбер-Леклерка выбралi дэпутатам. Фабер i Бельтара яшчэ раней набылi шырокую вядомасць. "Саюз пяцi" быў моцным, i без асаблiвай натугi мы маглi рэалiзоўваць рамантычны сцэнарый, прыдуманы намi ў лiцэi. Наш маленькi гурток павольна працягваў у розныя колы грамадства свае ўчэпiстыя шчупальцы. У Парыжы мы былi сапраўднай сiлай, тым больш эфектыўнай, што дзейнiчала яна неафiцыйна.
