
Безумоўна, ёсць пэўная перавага, калi мастацкi гурток юрыдычна прызнаны. Рэпутацыя, набытая адным з яго членаў, аўтаматычна пераносiцца публiкай на астатнiх, i назва гуртка, калi яна ўдала выбрана, абуджае агульную цiкавасць. Можна прабачыць культурнаму чалавеку 1835 года, што ён не ведаў Сэнт-Бёва, але ён не меў права абмiнуць "рамантыкаў". Аднак ёсць i значныя невыгоды. Заняпад распаўсюджваецца на ўсiх гэтак жа, як i ўздым. Манiфесты i дактрыны - зручныя мiшэнi для масавай стральбы. Адзiночныя стрэлы не прыносяць такой шкоды.
Прафесii ў нас былi розныя, i зайздрасць нас не раз'ядала. Мы склалi цудоўны калектыў узаемнай падтрымкi. Як толькi хто-небудзь з нас прабiваўся ў новы цiкавы салон, ён так энергiчна расхвальваў чатырох сваiх сяброў, што яго прасiлi прывесцi iх туды. Паколькi людзi ў большасцi лянуюцца самастойна думаць, яны ахвотна карыстаюцца гатовым i чужыя ацэнкi робяць сваiмi. Фабер вялiкi драматург, бо так гаварыў я, а я - "найглыбейшы з раманiстаў", таму што гэта сцвярджаў Фабер. Калi мы ў майстэрнi Бельтара наладзiлi вечарынку ў стылi венецыянскiх свят васемнаццатага стагоддзя, нам было лёгка сабраць тут усiх, хто заслугоўваў увагi ў Парыжы. Вiдовiшча было незвычайнае. Тры красунi выступалi ў невялiчкай камедыi Фабера, дэкарацыi да якой аформiў Бельтара. Але ў вачах гасцей гаспадаром i душой дому быў Шалон. Ён меў шмат вольнага часу, быў повен абаяння i, зусiм натуральна, стаў шэфам усiх нашых дамашнiх мерапрыемстваў. Калi нам гаварылi: "Ваш цудоўны друг...", мы ведалi, што размова пойдзе аб iм.
Як i раней, ён нiчога не рабiў. Я нi разу не чуў, каб ён браўся за свой раман, п'есу, фiласофскi трактат, каб ён iх зрушыў з месца хаця б на адзiн радок. Ён не рабiў нiчога ў лiтаральным сэнсе. Ён не апублiкаваў нiводнай кнiгi, не напiсаў нiводнага артыкула ў часопiс, нiводнай заметкi ў газету, нiколi не выступаў з прамовай.
