
- Але вы, мадам, нарадзiлiся ў Пон-дэ-Лёры, - звярнуўся доктар да Элен дэ Тыянж, - i, напэўна, добра ведаеце замак Клеры-сюр-Iтон?
- Ды так, бачыла ў дзяцiнстве ў гушчары дрэў, - прамовiла з усмешкай Элен. - Праклятая мясцiна! Мы, дзецi, баялiся туды хадзiць... сама не ведаю чаму.
- Дазвольце вас запытаць, доктар, - пацiкавiўся раманiст Бертран Шмiт, - у чым тут сакрэт? Як вы самi тлумачыце гэтыя дзiўныя факты? Вы ж не верыце ў супадзенне?
- Вядома, не веру... Упэўнены, што тут былi тры забойствы... Але цiкава, якiм спосабам гэта зроблена? Я думаю, што ёсць нейкi туземны сакрэт, прывезены Дзюрукам з Афрыкi, падобны на смяротны ўкол тарэадора, якi канцом сваёй шпагi дасягае сэрца праз нервовы цэнтр... Вы, можа, чыталi ў Фабра апiсанне такiх насякомых, што колюць джалам у цэнтральны нерв ахвяру, пазбаўленую абароннага шчытка, i паралiзуюць яе?.. У касцявым мозгу чалавека ёсць нервы i пункты, што кiруюць дыханнем... Як да iх дабрацца? Мабыць, iголкай?.. Але тут, безумоўна, патрэбен выключны спрыт, глыбокае веданне анатомii. У некаторых першабытных плямён можа быць веданне iнстынктыўнае, як i ў насякомых... Паспрабуй разбярыся!..
- Але ж iголка пакiдае сляды?
- Не адразу iх пазнаеш, калi iголка вельмi тонкая. I хто iх тады асаблiва шукаў?.. Вас не ўразiла тая акалiчнасць, што абедзве жонкi Дзюрука прычэсвалiся перад смерцю? Тут мiжвольна напрошваецца вывад, што ён сам узяўся прычасаць iх нанач i выкарыстаў момант, калi яны, седзячы да яго спiной, прыгнулi галаву.
