
- Пан Дзюрук, - сказаў я з горыччу. - Гэта вельмi сумна, але я не магу без экспертызы выдаць вам пасведчанне... Зрабiўшы так, я меў бы сур'ёзныя непрыемнасцi ад органаў цывiльнага нагляду. Прыйдзецца труп анатамiраваць з удзелам доктара-крымiналiста.
- Так, так, гэта неабходна, - адказаў ён. - Я сам хачу ўсё высветлiць.
Анатамiраванне дало адмоўныя вынiкi. Сэрца жанчыны не было кранута. Не знойдзена слядоў нi закупоркi сасудаў, нi разлiцця крывi. Нiякiх доказаў натуральнай смерцi. З другога боку, нiякiх слядоў атруты ў вантробах, нiякiх раненняў, а значыцца, нiякiх падстаў, каб прызнаць гвалтоўную смерць.
Вывад экспертаў быў аднагалосны: прычына смерцi - паралiч сэрца, што магло задаволiць закон, але не ўмяшчалася ў розум.
Пахаванне было ўрачыстым. З Арманцьера прыехаў палкоўнiк, пастарэлы, згорблены, прыбiты горам. Да зяця ён аднёсся прыхiльна, i яго прысутнасць прымусiла жыхароў Пон-дэ-Лёра быць ветлiвымi з Геркулам Дзюрукам.
* * *
Нiхто б не паверыў, што пасля такой драмы мадам Фраман выйдзе замуж за Дзюрука. Я нават спадзяваўся, што яна наогул перастане з iм сустракацца, бо сам быў моцна закаханы ў Мацiльду Фраман. Нельга сказаць, што яна была прыгожая. У яе аблiччы было нешта схематычнае. Нос i падбародак стваралi як бы два падобныя трыкутнiкi, нарысаваныя вельмi ж бо правiльна, затое насмешлiвыя вочы i рыжыя валасы падкрэслiвалi белiзну твару, ад якога веяла цяплом i душэўнай мяккасцю. Зусiм юная ўдава архiтэктара Фрамана (будаўнiка завода ў Кеснэ), яна са свайго дома зрабiла рай для халасцякоў i асаблiва для тых, хто, як я, любiў музыку. Убачыўшы, што яна не парвала сваёй дружбы з мулатам, я паспрабаваў без канкрэтнага абвiнавачвання, паколькi ў мяне не было належных фактаў, пераканаць яе. Усмiхнуўшыся, яна сказала:
