
- З гэтага нiчога не будзе, дарагi доктар... Розум мне сведчыць, што вы гаворыце слушна, але...
- Але што? Вас зачаравалi?
- Ваша праўда, доктар... Тут нейкая магiя.
Праз год пасля смерцi Бланш яна стала, нягледзячы на бурныя пратэсты ўсiх яе сяброў, другой уладаркай замка Клеры. Пон-дэ-Лёр асудзiў яе рашэнне. Новую сям'ю Дзюрукаў грамадства не прызнала, i мы страцiлi цудоўную гаспадыню дома. Мулат, якi затаiў злосць за маю да яго варожасць, забаранiў жонцы карыстацца маiмi медыцынскiмi паслугамi. Я перастаў з'яўляцца да iх. Ад слуг мы ведалi, што жывуць яны як быццам шчаслiва. Муж i жонка час ад часу разам прыязджалi ў Парыж. Дзюрук арганiзаваў каля сябе невялiчкую фабрыку харчовых кансерваў i гэтым займаўся. Праз некалькi месяцаў пра iх забылi.
У 1901 годзе, разгарнуўшы "Руанскую газету", я прачытаў пад назвай "Супадзенне цi злачынства" заметку аб смерцi беднай Мацiльды. Акалiчнасцi на дзiва нагадвалi тое, што я сам засведчыў калiсьцi. Лекар, выклiканы ўночы (гэта быў мой калега Фурэ), знайшоў нябожчыцу, як i я, распасцёртай на ложку, з распушчанымi валасамi. Нiякiх слядоў гвалту: нi пабояў, нi сiмптомаў атручвання. I хоць я меў зуб на гэтага Фурэ (калега мой не вызначаўся сумленнасцю), аднак наладзiў з iм сувязь, i мы разам адправiлiся ў Эўро да пракурора рэспублiкi, каб скiраваць яго ўвагу на незвычайнае падабенства смерцi дзвюх жанчын. Ён цалкам з намi згадзiўся, даручыў анатамiраваць труп аднаму з лепшых судовых экспертаў, якi знарок прыехаў з Парыжа, i загадаў трымаць Дзюрука пад наглядам да высвятлення справы.
Выгляд у мулата быў журботны, але ён анi не трывожыўся.
Другое анатамiраванне, гэтак жа як i першае, было адмоўным.
- Нiколi ў маёй практыцы, - сказаў нам спецыялiст, - я не сустракаў больш цёмнага факта... Мыш'як? Не... Алкалоiды? Не...
- Ёсць яды, што не пакiдаюць слядоў.
