
- Гэта ўжо лепш. Але нябожчыкi... Цi згодзяцца яны, цi дазволяць нам?
- А чаму не? Мы ж гэта, каб выканаць наш агульны абавязак. Мы ж iх любiм, шануем...
- Я падумаю. Ва ўсякiм разе я не дазволю, каб вы плацiлi за таксi.
- Ну, гэта можна ўладзiць. Мы падзелiм выдаткi, калi нельга iначай.
- Пабачым, - сказала яна. - Вось я i прыехала.
Яна скiнула пальчатку i працягнула яму руку, белую, тонкую, з пярсцёнкам на пальцы.
У наступны чацвер яны прыйшлi на могiлкi кожны са свайго боку, потым, не дамаўляючыся, сустрэлiся на вулiцы, разам дайшлi да стаянкi i селi ў адно таксi. Па дарозе яна сказала: "Я абдумала вашу шчырую прапанову. Мне здаецца, яе можна прыняць. Яно сапраўды неразумна кожны раз плацiць за два таксi. I мне з вамi добра. Праз тыдзень я заеду па вас".
Гэта стала ў iх як абрад. Яна прыязджала на вулiцу Помп з кветкамi на каленях, ён стаяў на ганку з букетам у руцэ. Таксi спынялася, Эцьен садзiўся. Яны вырашылi не даязджаць да брамы могiльнiка, а выходзiць на рагу, дзе iх не маглi бачыць вартаўнiкi. Яны iшлi паасобку, на пэўнай адлегласцi, перад гэтым па-змоўнiцку шапнуўшы адно аднаму "да скорага пабачэння".
Пасля некалькiх сумесных падарожжаў яны гаварылi ўжо аб усiм. Спачатку тэмай для размовы былi кветкi. Абое любiлi летнiя, асаблiва набор палявых васiлькi са сцяблiнкамi зялёнага аўса. Цяпер яны складалi букеты для сваiх нябожчыкаў, вядома, i, мабыць, крыху для самiх сябе.
Эцьен, якi, займаючыся крытыкай, павiнен быў многа чытаць, памагаў маладой жанчыне павышаць адукацыю, даставаў i прыносiў ёй патрэбныя кнiгi. Калi яна iх аддавала, ён дзiвiўся дакладнасцi яе тлумачэнняў. Яна была больш сур'ёзная, чым Люсiль. Але, злавiўшы ў сабе гэту думку, ён тут жа папракнуў сябе.
Па ўзаемнай згодзе яны ўсё лета заставалiся ў Парыжы, калi не лiчыць кароткатэрмiновых паездак да сваякоў у правiнцыю. Гадавiна смерцi Люсiлi прыпадала на лiпень. Яго глыбока кранула, калi на жалобнай iмшы ў касцёле ён убачыў у куточку ў апошнiм радзе Габрыелу Канстан. Цяпер ён ужо ведаў iмя дамы ў чорным.
