- Мне не падабаецца гэта iмя, - сказала яму Габрыела, - але ў нашай сям'i яно традыцыйнае.

У жнiўнi, калi стала асаблiва горача, яна змянiла колер на чорна-белы.

- Антуан не любiў бачыць мяне ў чорным, - растлумачыла яна, крыху саромеючыся.

Аднаго разу вечарам ён запрасiў яе паабедаць за горадам на вольным паветры.

- Антуан з прыемнасцю абедаў у Булонскiм Лесе, там сапраўды цудоўна. Парыж, перамешаны з дрэвамi... Часта, вярнуўшыся з канторы, ён раптоўна прапаноўваў: "Слухай... Хадзем у Лес..." Слаўны быў муж!

- Гэта не вельмi цяжка з такой жанчынай, як вы.

- Чаму?

- А таму, што ў вас ёсць усё: прыгажосць, розум, лагодны характар.

- Не спяшайцеся з вывадамi. Вы мяне не знаеце. Беднаму Антуану я калiсьцi рабiла жудасныя сцэны.

- Няўжо? Нешта не магу вас уявiць у такой ролi.

Яна засмяялася, але, схамянуўшыся, зноў напусцiла на сябе смутак.

- Так, так! Бедны Антуан... Ён быў надзвычай раўнiвы... Упэўненая ў сваёй вернасцi, часам я жартавала з агнём. Мой муж злаваўся; я гэтак жа не давала спуску. Шкадую, што парой крыўдзiла яго... Але часта ён сам быў вiнаваты.

Раптам, у парыве раскаяння, зiрнула на Эцьена са страхам, спадзяваннем i любоўю.

- Божа мой, нашто я вам гэта гавару? Забудзьце... Гэты дзiвосны вечар абуджае давер'е, нават рызыкоўнае... Мне так быў патрэбен, - прамовiла яна з адчаем, - гэтакi вечар, каб ён быў тут... са мною...

У цемнаце пацяклi слёзы. Яна адвярнулася i выцерла вочы.

- Урэшце я маладая, зусiм маладая, i жыццё маё скончана... Я самая няшчасная з жанчын.

Эцьен дакрануўся да яе рукi:

- Не, няпраўда, што для вас усё скончана... Жыццё не такое... Вясна вяртаецца... На кожную пару - свае кветкi... Аддавацца цалкам мiнуламу шкодна для здароўя i неразумна. Гэта значыць, пазбаўляць успамiны iх гуманiстычнай сутнасцi. Толькi так. Бо iх прызначэнне - падтрымлiваць нас у жыццi, а не перашкаджаць нам, умацоўваць наш дух, а не расслабляць яго... Паколькi вы i я, мы абое, былi ў шлюбе шчаслiвыя, мы ведаем добра, што гарманiчны шлюб магчымы... Вы не верыце?



11 из 13