Маладая дама была ўзрушана.

- Адпусцiце яе, - папрасiла яна. - Для мяне гэта не мае нiякага значэння. Кветкi павялi: я ж i прыйшла сюды, каб iх перамянiць.

- Павялi... але ж не ўсе, - сказаў вартаўнiк. - Яна выбiраць умее, з кожнага букета выцягне што лепшае. Вы адно гляньце нумар сто сёмы, восьмая дзялянка, пабачыце яе гаспадарку. Там поўная шклянка ландышаў, i ўсё задарма, паверце. Адусюль напрыносiла.

- Што ж тут дрэннага? - прамовiла дама. - Яна ж iмi не гандлюе.

- Чаму вы гэта робiце? - спытаў, разглядваючы бабулю, Эцьен, i тая апусцiла вочы. Выгляд у яе быў даволi iнтэлiгентны.

- Чаму вы гэта робiце? - паўтарыў ён. - У вас няма грошай купiць кветак? Праўда?

Бабуля падняла галаву:

- Вядома, праўда... А вы як думалi?.. Думаеце, iншая прычына?.. Што б вы, скажам, рабiлi, мадам, каб тут у вас была магiла сына... а ваш муж такi скнара, што шкадуе вам пучка фiялак, калiва ландышаў?.. А? Што б вы рабiлi?

- Тое самае, што i вы, - смела падтрымала бабулю дама ў чорным.

- Яно так, - сказаў вартаўнiк, - але iснуюць правiлы.

Ён зняў шапку i, адпусцiўшы старую, растлумачыў Эцьену:

- Бачыце, месье... Вы, напэўна, служылi ў армii?.. Правiлы ёсць правiлы. Я не горшы за iншых... але мой абавязак...

- Абы нiхто не скардзiўся, - заўважыў Эцьен. - Мадам i я прыходзiм сюды ў чацвер i мяняем кветкi. А калi з таго, што мы прынеслi тыдзень таму назад, можна яшчэ нешта выбраць, тым лепш!

- Ну што ж, - згадзiўся вартаўнiк, - калi вам добра, дык i ўсiм добра...

I, павярнуўшыся да злашчаснай бабулi, прамовiў:

- Iдзiце, я вас не трымаю.

Эцьен даў старой трошкi грошай, дама ў чорным таксама нешта дала. Потым Эцьен пайшоў да магiлы Люсiлi, каб там, як заўсёды, марыць аб мiнулым. Але, усхваляваны здарэннем, на гэты раз не мог сабрацца з думкамi. Дарагiя вобразы, якiя ён прабаваў уявiць, расплывалiся i знiкалi. Калi дама ў чорным выйшла на алею, ён рашуча дагнаў яе.



6 из 13