- Я вельмi вам удзячна, - сказала яна. - Як добра, што вы з'явiлiся! У мужчыны больш аўтарытэту.

- Бедная жанчына! Мы з вамi разумеем, як, можа, нiхто, гэту яе натуральную патрэбу чым-небудзь дагадзiць, прынесцi хоць маленькую ахвяру любiмай iстоце.

- Так, - сказала яна. - Гэта робiцца i для iх i для сябе.

- Каб захаваць iх жывымi ў душы.

Яна зiрнула на яго са здзiўленнем i падзякай.

- Вы адчуваеце тое самае, што i я. Мiж iншым, я даўно заўважыла, з якiм замiлаваннем... выбiраеце вы кветкi. Вы вельмi любiлi сваю жонку, месье Карлю?

- Вы ведаеце маё прозвiшча!

- Нейк раз, калi вас не было, я пацiкавiлася глянуць i даведалася, што яна памерла ў дваццаць сем гадоў... Гэта жахлiва.

- Жахлiва! Яна была такая цудоўная... прыгожая, ласкавая, разумная...

- Гэтак жа i ў мяне. Я страцiла мужа найлепшага ў свеце... Сапраўды, я не ведаю, цi была дзе жанчына, якую любiлi б так пяшчотна, так уважлiва ахоўвалi... Парой аж занадта... Антуан рабiў для мяне ўсё, i яго смерць катастрофа, крушэнне маiх надзей.

- Памерцi такiм маладым! Даруйце, не буду таiцца, што... спачуваючы вам, я таксама прачытаў надпiс. Там было: 1891-1928... Як гэта здарылася?

- Аўтамабiльная аварыя... Яго прынеслi да мяне без памяцi вечарам... Ранiцай я была такая шчаслiвая... Яго збiралiся прызначыць начальнiкам праўлення. А вечарам...

- Ён быў служачы?

- Не... Буйны завод хiмiчнай вытворчасцi. У трыццаць сем гадоў ён трэцяя асоба на прадпрыемстве. I хутка стаў бы поўным гаспадаром.

- У вас ёсць дзецi?

- Няма. I гэтай уцехi няма.

Яны падышлi да галоўнай брамы. Старшы вартаўнiк, кланяючыся iм, ухмыльнуўся.

- Бач ты iх! - сказаў ён свайму памочнiку, калi тыя былi ўжо на вулiцы. Справа наладжваецца... Як ты думаеш?

У наступны чацвер, нiбы дамовiўшыся зараней, пасля наведвання магiл яны вярталiся разам па той жа алеi. Эцьен расказваў пра сваё жыццё. Ён старшы выкладчык у адным з парыжскiх лiцэяў, пiсьменнiк. Яму прапанавалi кiраваць крытычным аддзелам у часопiсе.



7 из 13