
Шлях да сцяны Парыжскiх камунараў пачынаўся з тае самае хаты, дзе ён ляжаў на канапе з невядомай хваробай. I пачынаўся з гульнi, з дзiцячай забаўкi. Казiк майстраваў з рэечак i паперы мадэль самалёта, а ягоная кузiна, лядашчае дзяўчо, схавала клей. Нястрыманы, шалёны ад прыроды Казiк зазлаваў, пачаў лаяцца, разламаў ушчэнт мадэль, а калi бацька паспрабаваў супакоiць сына скураным пасам, выскачыў на сярэдзiну вулiцы i закрычаў:
- Страляць вас усiх трэба! Страляць!!! Бандзюгi, партызаны! У гэтай хаце партызаны!..
Iшоў 1942 год, i ў Койданаве было поўна немцаў i палiцыянтаў. Казiкаў крык перапалохаў усю вулiцу. Людзi пахавалiся ў дамкi i з-за фiранак цiкавалi, як Казiкаў брат Бронiк разам з бацькам Вацем звязвалi рамянямi хлопца, што з'ехаў з глузду. Звязаны Казiк праляжаў у хаце на печы два днi, пакуль афармлялiся ягоныя дакументы на адпраўку ў Нямеччыну. Ваця сам пайшоў у палiцыю, дзе i ўгаварыў кiраўнiцтва, каб забралi сына i звезлi куды найдалей. Палiцыянты ўпарцiлiся, не хацелi браць дакументаў, бо Казiк быў занадта малады, усяго 15 гадоў, але Ваця дамовiўся, i ў паперах змянiлiся лiчбы, i неслух паехаў у Германiю.
Пра жыццё ў Нямеччыне Казiк успамiнае з прыемнасцю, ён не хаваў, як iншыя, што жылося там соладка i сытна на вялiкiм хутары пад Берлiнам. Казiк трапiў не на завод i не на шахту, а на дагледжанае поле заможнага гаспадара, якому спадабаўся белагаловы вастраносы хлопчык-беларус.
- I чаму ты не нарадзiўся немцам? - ушчуваў гаспадар. - Ты ж, Казiк, рыхтык немец - арыец. I валасы ў цябе светлыя, i вочы блакiтныя, i профiль германскi, можна i на манеце выбiць. Каб не ведаў, што са славянаў, дык i не паверыў бы, што ты беларус.
А ў дадатак да гэтых вартасных характарыстык за якiя паўгода Казiк вывучыўся гаварыць па-нямецку. I гаспадар прызначыў яго на пасаду наглядчыка. Казiк сачыў, каб два дзесяткi маладых славянак мелi ўсё неабходнае i добра працавалi.
Але вось вайна скончылася. Нямеччыну падзялiлi на зоны. Казiк апынуўся ў французскай, i яго адправiлi ў парыжскi лагер для iнтэрнаваных асобаў. Калi калону славян вялi паўз сцяну камунараў, нейкi жартаўнiк-афiцэр загадаў спынiцца, каб усе паглядзелi на помнiк сваiм "iдэйным папярэднiкам".
