
Яму згадаўся дзед, што памёр увесну. Згадалася пахаванне i глыбокая ямiна на каталiцкiм баку могiлак. У ямiну струменiўся падсохлы на травеньскiм сонцы светлы пясок. Шасцiгадовы Антось забаяўся, што бацьку, як i дзеда, пакладуць у чорную труну, галавою на белую падушачку, а баба Маня прымусiць пацалаваць халодны, як камень у пограбе, лоб нябожчыка.
- Не бойся, Антосiк, не памру. Мы яшчэ з табою на гармонi пайграем. I на трубе я цябе граць навучу. Будзем на святы ў аркестры хадзiць. Мы яшчэ з табой машыну купiм i катацца будзем. Захочам у лес - селi ды паехалi. А захочам у Менск, мы i ў Менск з'ездзiм, - Казiк пагладзiў стрыжаную пад бокс галаву сына i падправiў чубок, што выглядаў непатрэбным над спалоханым тварыкам з заечаю губой.
Казiку раптам зрабiлася крыўдна за сябе, маладога, калi ён п'яны хапануў сякеру ды кiнуўся на жонку, што ўжо восьмы месяц хадзiла Антосем. Цяжарная жанчына ледзь уцякла з хаты, а раз'юшаны муж пахапаў яе сукенкi дый пасек на парозе. Антось нарадзiўся хваравiты i брыдкi з твару. На левай скронi ён насiў вялiкую, як боб, чорную радзiмку, з якой тырчалi сiвыя валаскi. А пад носам у яго ружавеў глыбокi шнар заечай губы...
У свае васемнаццаць гадоў Антось паспрабаваў запускаць вусы, але яны раслi рэдзенькiмi, светлымi i не хавалi непрыгожай адмецiны. Тады ён наляпiў сабе штучныя вусы, але i ад iх давялося адмовiцца - людзi кпiлi i насмiхалiся. I сын пракляў бацьку, бо паверыў, што брыдкая губа з'явiлася на твары ў той самы момант, калi п'яны Казiк секануў на парозе па Ядзiнай сукенцы.
Ядзя гэтаксама пракляла Казiка i з'ехала ў Менск да Валi, якая паспела выйсцi замуж за курсанта вайсковай вучэльнi.
Адно згорбленая баба Маня дажыла доўгi век пры сыне, якi ўпарта iшоў да мары свайго жыцця - легкавой машыны, уласнай, дагледжанай i любай, на якой можна i ў лес, i ў Менск, i нават у горад Парыж да сцяны камунараў, да той самай сцяны, паўз якую Казiка правялi ў калоне палонных у 1945 годзе.
