
- Што гэта ў вас пад пахаю, дзядзька Ваня? - замест прывiтання спытаў я.
- Камiля паслала сала прадаць.
- А цi добрае сала?
- Ты што, не бачыш? - дзядзька закрыўдаваў. - На чатыры пальцы. Калi добра прадасца, дык i бутэльку сабе куплю.
Гэта апошняе, што я пачуў ад Iвана, якi ўсё ж добра гульнуў на вяселлi Казiкавай Валi.
Але спачатку ён ляжаў на канапе i ўдаваў, нiбыта спiць. Мiля i Шурык стаялi пасярод хаты i нiяк не маглi зразумець, што ж такое здарылася, пакуль сын не спытаў:
- Тата, а чаму гэта вы босы?
- Таму што шкарпэтка згубiлася. - Iван адказаў, але вачэй не расплюшчыў.
- I з-за такой драбязы ўвесь гвалт? А Божачкi вы мае, ды знойдзем зараз тваю шкарпэтку. - Мiля адчынiла шафу i пачала ператрасаць у шуфлядзе з панчохамi.
- Няма там, - Iван спусцiў ногi з канапы. - Я ўжо два разы ўсю шафу перамацаў.
- А можа, раней дзе згубiлася? Можа, мацi, калi мыла, дзе на двары пакiнула? - разважаў Шурык.
- Ды ў тым i рэч, што абедзве ў руках трымаў, адну я надзеў, а другую як той чорт схапiў. - Iван мо ўжо трэцi раз зiрнуў пад канапу, але акрамя свайго гальштука нiчога не ўбачыў.
Шурык зняў валiкi з канапы, але дарэмна. Мiля прынесла венiк ды выграбла ўвесь пыл з-пад буфета, шафы i ложка, але ўсё дарма. Шурык разабраў ложак, а калi засцiлаў, мармытаў праклёны. Шукалi доўга, шукалi паўсюль, нават зазiрнулi ў кубелец з салам. Сям'я Мiлько ўвайшла ў пошукавы азарт: адчынялiся i зачынялiся, а потым зноў адчынялiся шафы, буфет, стол, сервант, сцягвалiся i слалiся абрусы i покрывы, выварочвалiся кiшэнi пiнжакоў, жакетаў, портак i палiтонаў, перастаўляўся абутак...
Раптам вялiкi кутнi гадзiннiк з латунным цыферблатам i вялiкiмi, на ланцужках, гiрамi заскрыгатаў i ўдарыў - вяселле пачалося.
- Бацька, ды надзеньце вы другiя шкарпэткi, - Шурык прахапiўся з пошукавага азарту, нiбыта са сну. - Вунь iх у шафе поўная шуфляда, выбiрайце i пайшлi.
