Iван выбраў пару новых, яшчэ з круглым папяровым цэтлiкам шкарпэтак, сеў на зэдлiк i пачаў сцягваць праклятую пасястую, з-за якой пачаўся ўвесь тарарам. Тут усе i зразумелi, дзе падзелася другая. Iван надзеў дзве шкарпэткi на адну нагу.

Смяялiся доўга. Смяялiся Мiля, Шурык i Iван. Смяялася ўсё вяселле, калi госцi даведалiся, з-за чаго спазнiлiся Мiлько. Смяяўся i я. I адзiнае, пра што мне хацелася ведаць, i разумею, што нiколi не даведаюся: што думаў Iван, калi надзяваў дзве шкарпэткi на адну нагу?

Стэфа

Стэфа шаткавала капусту. Доўгiм тонкiм нажом спрытна разразала крамяныя качаны напалам, а потым хутка-хутка рэзала на дробныя скрылiкi. Хрумсткiя храпкi кiдала ў белую эмалiраваную мiсу, а нашаткаванае зграбала з дыктавага кружка ў выварку. Верхняе лiсце Стэфа збiрала ў горшае вядро, каб зварыць кабанам. Працавала яна з iмпэтам, нiбыта i не было на свеце лепшага занятку, як шаткаваць капусту.

Качаны ўсе як адзiн невялiкiя, чыстыя, крэпкiя. I нядзiўна. Каму як не Стэфцы выбраць сабе самыя тугiя качанчыкi, бо працавала ў краме "Садавiна i гароднiна"?! Яна навыбiрала цэлы мех i нож з прылаўка ўзяла востры, са зручным драўляным тронкам. Можна было б i шаткарню ў суседзяў пазычыць, у Казiка цi ў цёткi Пэлi, але Стэфа не з тых, хто па суседзях лётае i пазычае. Яна нажом накрышыць танчэй, чым iншы шаткарняю. Што-што, а згатаваць i паесцi Стэфа любiла. I гэтая простая любоў адбiлася на ёй самым непасрэдным чынам. Чысты, румяны, што восеньскi яблык, твар. Яркiя, нiбыта нафарбаваныя бурачным сокам, поўныя вусны. Пастава, налiтая здароўем i сiлаю. Такая пастава, што ў свае трыццаць пяць Стэфа яшчэ заўважала, як мужчыны, хай сабе i праз аднаго, але ж заглядаюцца на яе.

I вось пры такой зямной прыгажосцi мела яна за мужа дробненькага, нiжэйшага за сябе, хваравiтага алкаголiка Волеся Радзевiча. Койданаўцы адно пацiскалi плячыма, калi бачылi iх побач на нядзельным кiрмашы цi на пляцы пад царквою. Але ў кожнага, як любяць казаць, свае болькi. Хочаш жыць з алкаголiкам, жывi. Каму якая справа?!



20 из 62