
Прахварэў дзядзька Чэсь больш як год, i яго ўрэшце камiсавалi.
- Не магу я людзей забiваць! Ядзя, чуеш? Не навучыўся, - мармытаў Чэсь, седзячы за пустым сталом. - А цi ж можна прывыкнуць забiваць па графiку? А ў нас у iнтэрнаце на сцяне такi графiк вiсеў. Надыходзiць твой дзень, бярэш зброю, iдзеш у камеры i страляеш. Адны перад смерцю плакалi, другiя малiлiся, а знаходзiлiся i такiя, што маўчалi. А ты заходзiш у камеру i страляеш, страляеш. I ведаеш: праз тыдзень зноў твая чарга, зноў пойдзеш i застрэлiш чалавека, а потым нап'ешся, як скацiна. А быў немец, якога я так i не змог забiць. Адчынiў дзверы, а ён устаў з ложка i глядзiць на мяне. Я ўзняў пiсталет i стрэлiў яму ў грудзi. А ён як стаяў, так i стаiць гарою. Я нацiснуў курок, але пацэлiў толькi ў руку. Захваляваўся. А ён пайшоў на мяне, ускiнуў здаровую руку з кулаком i пайшоў на мяне. Перапужаўся я, выскачыў з камеры i дзверы на ключ зачынiў. Вярнуўся да маёра i кажу, што больш людзей страляць не буду. А маёр пачаў, што гэта i не людзi зусiм, яны твайго бацьку ў хляве зачынiлi i хлеў той газаю аблiлi i падпалiлi... А я ўсё адно паўтараю - не буду болей забiваць.
Маёр загадаў мне выпiць вады i павёў у камеру, каб разам паглядзець, цi застрэлiў я вялiкага немца. Ён ляжаў пры самых дзвярах i, напэўна, ужо i не дыхаў, але маёр узяў мой пiсталет i стрэлiў немцу ў патылiцу. Мяне ўсяго закалацiла, пачало курчыць, скручваць, ванiтаваць... Прахапiўся я толькi ў шпiталi. Да мяне яшчэ, дзякуй Богу, жаўтуха прыляпiлася. Вось мяне i адпусцiлi.
