Дзядзькi Чэся тады ўжо не было нi ў Рудзiцы, нi ў Койданаве. Яго яшчэ раней забралi ў савецкiя партызаны. Уночы прыехалi тыя партызаны ў Рудзiцу на конях, зайшлi ў нашу хату, пэўна, нехта падказаў, бо афiцэр у парозе сказаў, што ў нас многа мужчын i таму адзiн пойдзе з iмi. Мужчын у хаце было чацвёра, але за тыдзень у вёску прыходзiлi польскiя партызаны i павялi з сабою двух Чэсевых братоў, Ладака ды Яся. Сказаць расейцам пра палякаў было б тое самае, што галавою кiнуцца ў пельку. I Чэсь пайшоў за расейскiм афiцэрам. А ў вялiкай хаце пры дзедавай кузнi застаўся адно стары гаспадар, ну i жанчыны з дзецьмi...

- Добра, што толькi палец згубiў, а не што iншае, - дзядзька засмяяўся.

- А як вы яго згубiлi? - маляваць расхацелася.

- А табе ўсё цiкава...

Расказваць пра сябе Чэсь не любiў. I на цвярозую галаву амаль нiчога не распавядаў. Але галава ў беларускiх дзядзькоў бывае i захмялелая, тады вам i апавяданнi, i смех, i байкi з показкамi, ну i слёзы.

Калi Чэсь моцна напiваўся, дык не iшоў дадому, а заварочваў да сваёй сястры, а маёй бабы - Ядзi. Ён доўга з крэктам разуваўся ў калiдоры, нязграбна бразгаў клямкаю, заходзiў у хату i сядаў за стол. Казаў, што дадому ён такi п'яны не пакажацца, а пасядзiць тут, пакуль працверазее. Ядзя ведала, што да ранiцы ён не паправiцца, i слала чыстыя прасцiны на канапе ў зале. Але Чэсь наравiста зiркаў на сястру, упарцiўся, не iшоў спаць, а сядзеў за пустым сталом i абураўся, чаму гэта ягоная прыгожая сястра пайшла за маленькага, тоўстага Бронiка Кiсяля, а не знайшла сабе высокага i кучаравага хлопца, як яе браты. Бронiк адно пасмейваўся, бо ўсе ведалi, што i Чэсева жонка Алена анi блiзка не мае той прыгажосцi, якую Бог даў Ядзi. Часам Бронiк садзiўся за стол, каб Чэсю было каму расказваць, каб ён выгаварыўся i яму зрабiлася лягчэй. Чэсь гаварыў пра партызанаў, Маскву, немцаў, Берлiн, забойствы...

У расейскiх партызанах Чэсь прабыў месяцы тры. На самалёце яго перакiнулi праз фронт у Маскву, дзе ён правучыўся ў разведчыцкай школе ажно да самага канца вайны.



24 из 62