
Былая койданаўка Ада ў Нямеччыне жыла, сапраўднае футра насiла, а штогод, летам, у Койданава прыязджала i дзецям з нашай вулiцы цацкi дарыла. У мяне i цяпер ёсць зялёны губны гармонiк, што Ада падарыла.
Снiцца...
А вам снiцца iншае. Вам снiцца сваё, толькi вам належнае. Хай вам снiцца дзяцiнства - ваша вёска цi мястэчка, горад цi хутар... Хай вам снiцца дзяцiнства - час, калi вас любiлi.
Мне снiцца Койданава, наш койданаўскi сквер.
Той сквер, дзе Шурыку Мiлько, якому цётка Пэля адпiсала свой дом, хлопцы перабiлi ключыцу. Шурык вяртаўся з танцаў, да яго падбеглi хлопцы, адзiн з iх, нiчога не кажучы, перацяў Шурыка жалезным прэнтам. Шурык страцiў прытомнасць, а калi ачуняў, дык нiкога не было. У акрываўленай кашулi прыйшоў Шурык дамоў. У суд ён не падаваў, бо хлопцы са сквера, як даведалiся, што не таго, каго хацелi, пабiлi, хадзiлi да Шурыка штодня i прасiлi, каб не заяўляў. Грошай у хлопцаў Шурык не ўзяў, а кашулю ўзяў, бо ягоная была парваная i ў крывi. У мiлiцыю ён не заявiў, бо такi ўжо чалавек Шурык Мiлько - добры. Ён нават сабаку свайго, Арсiка, застрэлiць не мог, калi нейкая свалата Арсiку нiжнюю пашчэнку вывернула i зубы павыбiвала. Пакутаваў сабака, есцi не мог, i трэба было Арсiка застрэлiць. Шурык суседа Воўку Савiча прасiў, каб той застрэлiў, бо сам не мог. Сусед i застрэлiў Шурыкаву суку, якую клiкалi Арсiк, бо ўсе сабакi ў Мiлько былi Арсiкамi, i сукi, i кабялi, i ўсе гэтыя арсiкi былi страшэнна злосныя i прызнавалi толькi Шурыка. Адзiн з арсiкаў хадзiў з Шурыкам на льнозавод, дзе Шурык падзарабляў у час летнiх вакацый вартаўнiком. Шурык яшчэ браў на завод свой ровар "Спутнiк". Ён зацягваў ровар на дах высознага цэха i катаўся па краi даху, а Арсiк бегаў за роварам i брахаў на ўсё Койданава.
