
А ў нашым двары ўсе сабакi былi або Жулiкi, або Матросы. Праўда, была адна сука Тайга, але яна праз тыдзень, як яе прывезлi, уцякла. Першы Жулiк, якога я помню, быў белы i кудлаты. Ён хадзiў з жанчынамi на Захар'яш, Захарава балота. Жанчыны на балоце, у цёмнай вадзе, мылi бялiзну. Вада была бурштынавага колеру, а бялiзна ў ёй мылася надзiва добра. Жанчыны мылi прасцiны i складалi ў алюмiнiевыя мiсы, а Жулiк ляжаў у траве i лавiў мух. А потым у Жулiка пайшлi лiшаi.Каб дзецi не набралiся лiшаёў, павялi нашага Жулiка за жыдоўскiя могiлкi, у канаву, там яго забiлi i закапалi. Мы з Антосем Кiсялём на тым месцы крыж з трэсак паставiлi.
Мне снiцца Койданава.
Камянi... Камянi... Яны iдуць на груд, яны падставiлi шырокiя шурпатыя спiны койданаўскаму сонцу i iдуць на груд жыдоўскiх могiлак. Апошнiм, каго пахавалi на гэтых могiлках, быў аптэкар - Эня Цыканоўскi. Эня кахаў Лёдзю, прадаўшчыцу з рамбазы. На рамбазе ў невялiчкiм дамку пад блакiтным дахам была крама, у якой прадавалася ўсё: ад кiрзавых ботаў i галёшаў да цукерак i селядцоў. Каля гэтай крамы i чакаў лысаваты Эня сваю Лёдзю. Спачатку Лёдзя быццам i пагадзiлася пайсцi за Эню. Ды, на бяду аптэкару, з'явiўся на рамбазе малады афiцэр. Стала прыгожая Лёдзя хадзiць па койданаўскiх вулiцах з высокiм афiцэрам, а лысаваты Эня дарэмна прыходзiў на рамбазу. Не прайшоў i месяц, як загрымеў бубен на Лёдзiным вяселлi. Афiцэр за вясельным сталом сядзеў у чорным цывiльным гарнiтуры. А Эня Цыканоўскi тым часам выпiў у сваёй аптэцы. Эня выпiў не гарэлкi i не спiрту за здароўе маладых. Эня выпiў паўлiтра воцату, i яго не ўратавалi. Койданава гаварыла, што Эню Цыканоўскага панясуць хаваць у белым мяшку, а не ў труне, але пахавалi Цыканоўскага ў труне. А прадаўшчыца Лёдзя са сваiм афiцэрам з'ехала ў Сiбiр. Людзi казалi, што афiцэр кiнуў Лёдзю з двума дзецьмi, казаць казалi, але мала хто верыў.
