
У пакоi нiкога не было, прайгравальнiк моўчкi стаяў на месцы, але ў паветры пахла ментолавым цыгарэтным дымам. Я праверыў кухню, ванную i абедзве сценныя шафы, а потым сеў на непрыбраны ложак i засмяяўся.
Не скажу, каб мой смех прагучаў цалкам пераканаўча.
Музыка за дзвярыма, вядома, прымроiлася, але што было рабiць з пахам? Дзесьцi я чытаў пра спецыфiчныя нюхальныя галюцынацыi, аднак адкуль тады ўзялося блакiтнае воблачка на асноведзi чорнай шторы, якое цягнулася да прачыненае форткi?.. Цi не зашмат галюцынацыяў?
Я налiў поўную шклянку вiна i, выпiўшы яго маленькiмi глыткамi, заняўся аналiзам сiтуацыi.
Самым натуральным адказам на ўсе пытаннi была б нядаўняя прысутнасць у гэтых сценах чалавека з цыгарэтаю. Разам з тым такое тлумачэнне выглядала найбольш хiсткiм. Калi ў кватэры насамрэч хтосьцi знаходзiўся, ён меў усяго хвiлiнаў пятнаццаць памiж нашым з Наташаю адыходам i маiм вяртаннем. За гэты час аматар ментолавых цыгарэтаў павiнен быў, па-першае, нейкiм чынам трапiць у кватэру, а па-другое, паспець сысцi да майго прыходу. Але з якой мэтаю? Каб выкурыць цыгарэту i тым самым пакiнуць сведчанне свайго незаконнага ўварвання? Версiя выглядала досыць сумнеўнай, хоць i пакiдала прастору для далейшай распрацоўкi.
Паводле элементарнай логiкi, пранiкнуць у кватэру, маючы лiчаныя хвiлiны, найперш мог чалавек з ключамi. Адны ключы ляжалi ў мяне ў кiшэнi. Другiя Наташа трымала ў касметычцы. Трэцi камплект я паўгода таму паклаў у верхнюю шуфляду пiсьмовага стала.
Па дарозе да стала позiрк спынiўся на попелцы, што стаяла на палiцы памiж Шывам i томам Акутагавы. Аднарогi чорт супакоiў адсутнасцю якiх-небудзь слядоў попелу. Верхняя шуфляда таксама не падвяла. Я налiў сабе вiна i ўключыў тэлевiзар. Iшоў французскi дэтэктыў. Упэўнiўшыся, што ахвяра мёртвая, забойца спускаўся па аплеценай дзiкiм вiнаградам сцяне. Я адчынiў куфар. Вераўчаная лесвiца была ў наяўнасцi, аднак мне ўсё роўна захацелася пераключыць тэлеканал.
