
Наташын муж, знаходка ў касметычцы, выраб дублiкатаў ключоў еtс... Ад гэтай гiпотэзы я рашуча адмовiўся. Апрача ўсiх астатнiх "нацяжак", нi Наташа, нi яе муж не курылi.
Развагi непазбежна скiравалiся на гаспадара кватэры. Я пракручваў у памяцi нашу першую i адзiную размову, i яна мне ўсё больш не падабалася. Сцэна з ключамi... У дадатак да трох уручаных мне з такiм кранальным клопатам камплектаў, безумоўна, iснавалi яшчэ тры або нават трыццаць тры. А пытанне, цi адзiн я збiраюся жыць... Плюс асцярожны i, магчыма, тонка прадуманы намёк, што я магу заўважыць нешта такое...
Мною авалодала несамавiтае адчуванне таго, што мяне ўцягваюць альбо ў блазенскi розыгрыш, альбо, наадварот, у добра спланаваны эксперымент. У кожным разе становiшча выглядала, далiкатна кажучы, дыскамфортным, бо сцэнарый ствараўся без майго ўдзелу хаця б у якасцi кансультанта. Праўда, дзесьцi на ўзбочыне раз-пораз выплывала з туману тое дзiўнавата-спалоханае гаспадарова пытанне пра Шапэна, але якi, скажыце, здаровы розум здатны быў звязаць яго ў адзiн ланцужок з набытай сёння мною па ўласнай волi кружэлкаю ў чорна-зялёным канверце i, тым больш, з дымам ментолавых цыгарэтаў?
Як паказала надзвычай блiзкая, можна сказаць, затоеная за матавымi дзвярыма будучыня, якраз логiка i была тут найменш патрэбная.
Ладзячыся на сон, я ўпершыню зачынiў уваходныя дзверы на ўсе тры замкi. Я яшчэ не ведаў, што ў доўгай чарадзе наступных начэй гэтая акажацца цi не самай цiхамiрнаю.
Ранiца, як зазвычай, унесла ў вечаровыя ацэнкi свае карэктывы. Зрэшты, iншых высноваў, акрамя вiдавочнага - непасрэднага цi ўскоснага - удзелу ў гэтай таямнiчай гiсторыi майго гаспадара я ўчора так i не зрабiў. Дый сама таямнiчасць у сонечным святле ўвачавiдкi паблякла i атрымала аперэтачны выгляд.
