
Ён быў прыкладна майго веку, меў нервовы твар i раннюю сiвiзну. Я чамусьцi падумаў, што такiя людзi схiльныя да iнфарктаў. Дадаць да гэтага невыразнага партрэта мне, бадай, няма чаго. Ну, можа, яшчэ ягоную худзiзну, якую я, памятаецца, спачатку з прыхiльнасцю назваў сам сабе шляхетнаю.
Сустрэўшыся з iм на вулiцы, я прайшоў бы мiма - не пазнаўшы цi не захацеўшы пазнаць яго.
Кватэра, якую я вырашыў наняць, знаходзiлася ў тым раёне, дзе з сучаснай забудоваю суседзiлi зялёныя выспы старога патрыярхальнага горада. Няроўны брук з чародкаю козаў i цяпер успрымаецца там больш натуральна за асфальт з тралейбусам. Вiдаць, гарадская геаграфiя i сталася галоўным аргументам, бо ў тыя днi я меў цвёрды намер баранiць сваю адзiноту i найперш шукаў спакою.
- Там, за паркам, - гаспадар кватэры паказаў у вечаровае вакно, - мяжа горада.
- Мяне гэта не палохае. Вальтэр пiсаў, што лiтаратар павiнен жыць паблiзу мяжы, каб зручней было ратавацца.
- Вы лiтаратар? - не падтрымаў майго тону, але вiдавочна зацiкавiўся ён.
Вылаяўшы сябе за легкадумна рассакрэчанае iнкогнiта, я няпэўна кiўнуў. Згадка пра род маiх заняткаў, безумоўна, была лiшняю.
- У такiм разе... - з выцвiлай усмешкаю загаварыў ён i не скончыў.
Яго манера размовы пачынала раздражняць. Грошы ўжо ляжалi ў ягонай кiшэнi, а брыжык з ключамi - у маёй. Я мог без абмежаванняў карыстацца кнiгамi i пастараўся запомнiць колькi непазбежных у такiх выпадках дробных парадаў наконт замкоў, ваконных зашчапак i талонаў на электрычнасць. Усе iнструкцыi былi прамоўленыя скорагаворкаю, а заплачаныя мною грошы засталiся непералiчанымi. Яшчэ хвiлiну таму ён выдаваў чалавекам, што хоча як найхутчэй развязацца з не надта прыемным клопатам. Але зараз загучала новая, незразумелая мне нота.
