- Увосень парк проста чароўны. Асаблiва клёны...

Жывучы тут, ён павiнен быў ведаць, што гэта не зусiм парк, а - старыя лютэранскiя могiлкi, па якiх гадоў дваццаць назад праехалiся бульдозеры. Я не палiчыў патрэбным дзялiцца сваiмi ведамi i конча ўпэўнiўся, што размова здоўжыцца.

- Вы збiраецеся жыць адзiн? - запытаўся ён i папрасiў дазволу закурыць.

Просьба падкрэслiвала мой новы статус i таму спадабалася, пытанне - не.

Ён зняў з кнiжнай палiцы масiўную металёвую попелку - змрачнаватую чортаву галаву з адбiтым рогам i глыбокiмi пустымi вачнiцамi.

- Гэта для вас iстотна? - вярнуўся я да пытання, з кiм збiраюся жыць.

- Ва ўсякiм выпадку не ў такой ступенi, як для вас, - адказаў ён i, iмгненна ўсвядомiўшы абсалютна неадпаведную сiтуацыi рэзкасць, перапрасiў.

Якраз тады ўключылася лядоўня. Ён зацкавана здрыгануўся i, спалатнеўшы, выпусцiў з пальцаў цыгарэту. Гэтага хапiла, каб уся мая ўквеленасць знiкла, i я, як са мною часам здараецца пры сустрэчы з чалавечай слабасцю, адчуў такi прылiў шкадавання, што не прыдумаў нiчога лепшага, чым паведамiць пра свой развод i прагу самотнага супакою.

- Як вы сказалi? Не хочацца пражываць чужое жыццё? - з дзiўнай iнтанацыяй паўтарыў ён i строс попел у адну з чортавых вачнiцаў. У ягоных тонкiх пальцах яшчэ не сунялася дрыготка. - Ну, тады ў вас...

Трымаючыся сваёй завядзёнкi, ён абарваў фразу i нечакана выняў другi камплект ключоў.

- Ведаеце, я пакiну вам i iх. Магчыма, у вас усё-такi хто-небудзь з'явiцца.

Пасля маiх слоў пра пошукi спакою гэтае дапушчэнне выглядала не зусiм лагiчна, аднак значна больш нелагiчны быў яго наступны ўчынак. У нервовых пальцах з'явiўся ўжо трэцi брыжык з ключамi. Гаспадар патрымаў iх на далонi i працягнуў мне.

- Няхай усе ключы будуць у вас. Дакучаць вам вiзiтамi я не збiраюся. Калi спатрэбiцца, патэлефануеце. Цяпер толькi сакавiк, значыць, засталося... Не думаю, што вы заўважыце нешта такое...



3 из 55