
* Сцеражыся той, што цябе пакахае (лац.).
Параўнанне таго начнога жаху з дзiцячым паўсном-галюцынацыяй я, вядома, знайшоў пазней. А тады ўсё ж удалося адарвацца ад ложка i зрабiць крок да дзвярэй. Левая рука намацала выключальнiк. Паляўнiчы нож ляжаў на адлегласцi трох крокаў, якiя я пераадолеў шалёным звярыным скачком.
З нажом у правай руцэ i бажком у левай я стаяў перад дзвярыма, фiзiчна адчуваючы, як хтосьцi стаiць за матавым шклом. Дзверы адчынялiся з калiдора ў пакой, значыцца, той хтосьцi меў яўную перавагу, бо мог са сваёй цемры напасцi раптоўна. Я ведаў, што ў такiх выпадках развагi адно нашкодзяць, а таму з ваяўнiчым крыкам "А-а-а!" таргануў дзверы на сябе i вылецеў у цёмны калiдор...
Мой нож увайшоў у пустату. Кухоннае вакно сцераглi ўсе шпiнгалеты, а дзверы на лесвiчную пляцоўку апрача замкоў ахоўваў сталёвы ланцужок. Тое, што з дапамогаю хiтрамудрай прылады ланцужок можна скiнуць, уваходзячы ў кватэру, хоць i з цяжкасцю, але дапускалася, аднак магчымасць накiнуць яго, выходзячы ў пад'езд, выглядала цалкам нерэальнай. Тым не менш хтосьцi пабываў не толькi ў калiдоры i ў кухнi, але i ў пакоi: не перавандравала ж аднарогая чортава галава з кнiжнай палiцы на лядоўню сваiм ходам, загрузiўшыся па дарозе попелам ад некалькiх цыгарэтаў, што напоўнiлi кухню насычаным пахам ментолавага дыму.
Праўда, я здзiўлена адзначыў, што пах, пры ўсёй таемнасцi свайго з'яўлення, дзейнiчаў на мяне супакойлiва, бо ўпарта не хацеў асацыявацца з кiм-небудзь накшталт наёмных забойцаў. Я хутчэй паверыў бы, што цыгарэту курыла жанчына...
Якая жанчына? Што ўмее праходзiць праз сцены?..
Налiваючы каньяк, я падумаў, што, калi гэта не скончыцца, я маю рэальныя шанцы спiцца. Захацелася зiрнуць на сябе на пачатку гэтага рызыкоўнага шляху, i я падышоў да авальнага люстра над куфрам.
