На першы погляд, нiчога асаблiвага ў маiм аблiччы не заўважалася. Сiвая пасма на правай скронi магла, дапусцiм, з'явiцца раней. I ўсё ж узнiкла адчуванне, што ў гэтым рослым чалавеку ў зялёнай начной пiжаме прысутнiчае новая якасць... Нацадзiўшы трэцюю порцыю каньяку, я адшукаў адказ: чалавек у люстэрку меў большае падабенства не з пiсьменнiкам, а з яго персанажам.

Гэтае назiранне нечакана прыйшлося мне даспадобы. Ёсць такая псiхалагiчная гульня-рэкамендацыя: у цяжкай сiтуацыi трэба ўявiць, што дзейнiчаць зараз будзеце не вы, а створаны вашай фантазiяй чалавек, з якiм вы - каб захаваць дыстанцыю для кiравання двайнiком - атаясамляеце сябе толькi да пэўнай мяжы.

Я загадаў свайму двайнiку класцiся i iранiчна сачыў, як ён хавае пад падушку нож. Мы з дублёрам выпiлi аднолькавую колькасць каньяку, аднак я быў прыкметна цверазейшы i даў яму каманду перакласцi падушку на процiлеглы край ложка, каб трымаць дзверы ў сектары агляду.

Ён лёг, нейкi час пазiраў у цемры на бялёсую шклiну, а потым, дзякуючы спiртному i нескладанай гульнi, правалiўся ў сон. Гэтым разам насамрэч правалiўся: сон быў глыбокi i глухi, быццам падарожжа ў закiнутых сутарэннях, дзе не мiльгане нi сонечнага промня, нi агеньчыка i нават не чуваць, як падаюць са скляпенняў кроплi.

I раптам уладная сiла падхапiла мяне i, пранесшы праз немаведама колькi паверхаў, апусцiла на ложак у пакоi, дзе пахла цыгарэтным дымам.

Нож быў выхаплены з-пад падушкi ў той самы момант, а мо i раней, чым я ўбачыў за дзвярыма туманлiвы цень.

Цень памарудзiў i растаў у калiдорным мораку.

Далей я дзейнiчаў, як робат: першым чынам кiнуўся да куфра i адным махам падцягнуў яго ўсутыч да дзвярэй. У наступнае iмгненне я заўважыў, што ў пакоi ўжо гарыць святло i абедзве мае рукi ўзброеныя.

- Хто ты? I што табе трэба? - гучна сказаў я да матавага шкла, здрыгануўшыся ад гукаў уласнага голасу.



23 из 55