Там было пуста, аднак колькi разоў у мяне ўзнiкала неадчэпнае адчуванне, што гэтаксама ўважлiва, як я, у той самы момант хтосьцi глядзiць на мяне ў сваё "вочка", быццам бы гэта я стаю на пляцоўцы перад зачыненым уваходам. Прычым, калi давяраць чуццю, мой контрназiральнiк знаходзiўся ў мяне за спiнай. Перамагаючы страх, я рэзка азiраўся i са змрочнай iронiяй казаў сам сабе: "Мой дом - мая фартэца".

Самую значную групу эксперыментаў складалi звязаныя з прайгравальнiкам. Адсюль цягнулася тонкая нiтачка хоць да нейкага тлумачэння сiтуацыi, закладнiкам якое я аказаўся. Факт заставаўся фактам: упершыню ментолавы пах матэрыялiзаваўся ў пакоi, калi я купiў кружэлку Шапэна.

Я правёў з прайгравальнiкам сотнi разнастайных доследаў: з дзесятак разоў пракруцiў кожны з маiх дыскаў; паставiўшы Шапэна, выходзiў з дому i раптоўна вяртаўся; пераносiў апарат то ў кухню, то, карыстаючыся электрападаўжальнiкам, у ванную... Не сказаў бы, што ў вынiку я iстотна прасунуўся наперад. Справаздача пра гэтыя манеўры змясцiлася б у два-тры пункты. Пах цыгарэтаў трансцэндэнтным чынам узнiкаў у кватэры толькi пры гучаннi прэлюда No 15. Разам з тым пад перазвон "кропелек" дым мог i не з'явiцца - наўпроставай залежнасцi доследы не выявiлi. Iншая рэч, што пад час астатнiх мелодыяў магчымасць з'яўлення паху раўнялася нулю.

Пытанняў набiралася болей, чым адказаў.

Шукаць адсутныя адказы я паспрабаваў у сваёй бiблiятэцы.

Адна з кнiг, аўтара якой анатацыя рэкамендавала як вучня Алены Блавацкай, на некалькi вечароў завалодала маёй увагаю. Напачатку падалiся цiкавымi думкi аб тым, што сутнасць мужчыны ёсць каханне, аблiчча ж ягонае ёсць мудрасць, у той час, як сутнасць жанчыны - мудрасць, а аблiчча яе - каханне, i я нават наладзiў з Наташаю абмеркаванне.

З той самай кнiгi я даведаўся, што ў дадатак да вядомых органаў успрымання кожны з нас мае яшчэ сорак дзевяць, што ў сучаснага чалавека бяздзейнiчаюць, як, напрыклад, размешчанае на патылiцы трэцяе, празорлiвае вока.



30 из 55