
На куфры я прыцiснуў масянжовым Шывам цыдулку прыкладна з такiм зместам: хто б вы нi былi, прашу папярэджваць пра вiзiты загадзя, каб у нас не ўзнiкала двухсэнсоўных сiтуацый. Мяркуючы па свежым цыгарэтным дыме, маё пасланне прачыталi i - пакiнулi без адказу.
Гэтаксама безуважна госцi паставiлiся да "забытых" на стале запасных ключоў.
Нiчога новага не паведамiў замаскаваны сярод кнiгаў мiнiяцюрны магнiтафон.
Найбольш казыталi нервы эксперыменты з дзвярным "вочкам". Выпраўляючыся на вечаровую прагулянку альбо iдучы праводзiць Наташу, я не выключаў у калiдорчыку святла, а вярнуўшыся, нацiскаў на гузiк званка. Мой ненадзейны плюшавы вартаўнiк абзываўся насцярожана-вiнаватым брэхам, а я, мiжволi сцяўшыся, да болю ўваччу ўтароплiваўся ў "вочка", пасярод якога гарэла светлая кропка. Яна магла пагаснуць у двух выпадках: калi б хтосьцi выключыў святло або прынiк да "вочка" з таго боку дзвярэй. Кропка не пагасла нi разу.
Перад сном я таксама карыстаўся паслугамi "вочка", але ўжо знаходзячыся ў больш выйгрышнай пазiцыi. Накiнуўшы на дзверы ланцужок, я прыкладваўся да "вочка" i аглядаў зведзеныя лiнзаю ў цеснае кола аб'екты: дзверы дзвюх суседнiх кватэраў, пляцоўку i край лесвiчнага марша.
