
- Кампазiтар?.. Не зусiм. Я проста хацеў...
- У Шапэна мне падабаюцца прэлюдыi, толькi вельмi прашу нiчога больш мне не дарыць.
Адкуль я мог ведаць, што ў тыя хвiлiны было сказана самае iстотнае за ўвесь вечар?
Перад дзвярыма гаспадар яшчэ раз апусцiў валiзы на падлогу.
- Ён там, у шафе.
- Хто? - Ува мне падымаўся калючы клубок злосцi.
- Прайгравальнiк, - прабачлiва, нават лiслiва растлумачыў ён. - У сценнай шафе каля ложка.
Я адчуў тое самае, што i ў выпадку з ключамi: немаведама чаму ён хацеў пакiнуць гэты прайгравальнiк у старой кватэры.
Зачынiўшы нарэшце дзверы, я сеў за стол, паклаў перад сабою ўсе тры камплекты ключоў i з затоенай радасцю падумаў, што, прынамсi, год буду пазбаўлены вiзiтаў чалавека, што мае схiльнасць без дай прычыны дарыць прайгравальнiкi i пытацца, цi любiце вы Шапэна.
Назаўтра я прывёз на таксоўцы сумкi з рэчамi, а ўвечары адкаркаваў пляшку сухога херасу i аддаўся цiхамiрным лятункам аб тым, як за год перачытаю тут штабель чужых кнiг i напiшу адну сваю. Я прадбачыў, што атрымаецца зборнiк апавяданняў свабоднага саракагадовага чалавека, якi своечасова звёў падрахункi з мiнулым. Памятаючы Борхесава папярэджанне пра непрадказальнасць гэтага ўзросту для мужчыны наогул i для лiтаратара - асаблiва, зазiраць далей не хацелася.
Вiно скончылася нечакана хутка. Дапiваючы апошнi глыток, я сустрэўся вачыма з масянжовай стодкаю Шывы на кнiжнай палiцы. Гэтае чатырохрукае стварэнне i падкiнула мне iдэю правесцi ў новым жытле iнвентарызацыю.
Стараючыся не згадваць самога гаспадара, я прызнаў, што iнтэр'ер ягонае кватэры можа прэтэндаваць на пэўную неардынарнасць i найперш - дзякуючы сцяне, якую ад столi да падлогi займала мапа Эўропы. Прычым яна, гэтая жоўта-зялёна-брунатная з плямамi блакiту мапа, была не проста наклееная на тынк накшталт шпалераў, але ўзятая, нiбы жывапiснае палатно, у адмысловую драўляную асаду, што на пару пядзяў адступала ад паверхнi, ствараючы своеасаблiвую перспектыву.
