
Я спачувальна выслухаў яго няўцямна-блытанае мармытанне i не звярнуў на апошнiя словы амаль нiякае ўвагi. Што я павiнен быў заўважыць? Што ў яго праблемы з псiхiкай?
Апускаючы два дадатковыя камплекты ключоў у кiшэню, я не сумняваўся, што вiзавi адчувае з гэтае прычыны палёгку. Разгадка магла быць досыць простаю: цяжкiя ўспамiны, звязаная з кватэраю асабiстая драма... Цi не адтуль, падумаў я, i ранняя сiвiзна.
Якiмi наiўна-трывiяльнымi выглядаюць мае тлумачэннi сёння...
- Ну вось, здаецца, i ўсе фармальнасцi. - Патушыўшы ў вачнiцы ў чорта недапалак, ён падняўся з канапы, аднак няўпэўнены тон сведчыў, што запас дзiўнаватых пытанняў i прапановаў не вычарпаны.
У такiх сiтуацыях прадчуванне рэдка падманвае мяне. Ён прайшоўся ўсцяж сцяны з кнiжнымi палiцамi, правёў рукой па запыленых карэньчыках i, няўдала зрабiўшы выгляд, нiбы толькi зараз успомнiў штосьцi важнае, зноў загаварыў:
- Скажыце, у вас ёсць прайгравальнiк?
- Не, я аддаю перавагу магнiтафону.
- Прайгравальнiк таксама добрая рэч. - У ягоным голасе прысутнiчаў яўны водцень, просьбы.
- Вядома, - суха пагадзiўся я. Да мяне вярталася раздражненне.
- Я хачу пакiнуць вам прайгравальнiк. Лiчыце гэта падарункам.
Я стрымана падзякаваў i абвёў пакой вачыма, аднак неспадзяванага прэзента нiдзе не заўважыў.
Нiчога не ўдакладняючы, я выразна паглядзеў на гадзiннiк, потым на дзве валiзы з гаспадаровым скарбам i прапанаваў паднесцi iх да тралейбуснага прыпынку. Ён адмовiўся. Выкладзеныя за год наперад грошы давалi мне права зноў кiнуць падкрэслены позiрк на гадзiннiк.
Ён паважыў у руках валiзы i замiж таго, каб рушыць да выхаду, паставiў iх назад.
- Скажыце... вы любiце... Шапэна?
Цяжка было даць веры, аднак у яго словах мне пачуўся вiдавочны страх.
- Вы кампазiтар? - холадна ўдакладнiў я. Усе гэтыя неабавязковыя пытаннi з зацягнутымi пярэрвамi i загадкавай эмацыйнай падкладкаю iмклiва падвышалi градус майго раздражнення.
