
Усё, што я пiшу зараз, можа здацца занудлiва-неiстотным, але я адчуваю неабходнасць зафiксаваць гэтыя дробязi, бо неўзабаве лiтаральна кожная з iх набудзе велiзарную значнасць.
Канец вечара быў далёка, i я прыступiў да больш блiзкага знаёмства з пакiнутымi аматарам Шапэна рэчамi.
У сценнай шафе пры ложку ляжалi дзве коўдры i дзве падушкi. На нiжняй палiцы стаяў прэзентаваны прайгравальнiк. Падбор кружэлак выглядаў досыць страката: Вiвальдзi, сярэднявечная лютневая музыка, "The Beatles", санаты Чурлёнiса, "Песняры" i два маленькiя дыскi дзiцячых казак. Запiсаў Шапэна насуперак чаканню не аказалася.
У дадатак да мапы i гадзiннiка ў кватэры прысутнiчала яшчэ адна рэч з прэтэнзiяй на арыгiнальнасць. Памiж дзвярыма i кнiжнымi палiцамi месцiўся акаваны меддзю куфар, зроблены, вiдавочна, не вясковым майстрам, а гарадскiм iмiтатарам, якому не хапiла густу, i ён прымалацiў на пярэднi бок пяць медных лiтараў: SEZAM. (Светлыя драпiны на фарбаванай драўлянай падлозе, якiя сведчылi, што гэтую частку абсталюнку - i няраз - падцягвалi да дзвярэй, я заўважу значна пазней.)
Куфар быў пад самае вечка наладаваны розным жалеззем i iнструментамi, паўзверх якiх ляжала вераўчаная турыстычная лесвiца з кiпцямi-зачэпамi. З выгляду яна наўрад паспела паўдзельнiчаць у сур'ёзных падарожжах. Пакруцiўшы знаходку ў руках, я змецiў заводскую налепку з даўжынёю - 10 м i механiчна адзначыў, што гэтага якраз хапае, каб спусцiцца па сцяне з майго трэцяга паверха.
Пакiнуўшы ў спакоi куфар, я заняўся кнiгамi. Перад сном заманулася пачытаць, i я зняў з палiцы лiмонавы том Акутагавы Руноске. Памiж старонак "Жыцця iдыёта" знайшоўся лiсток з вучнёўскага сшытка ў кратку. Дзiцячая рука фламастэрам намалявала на iм пяцiпавярховiк з жаночым тварам у вакне трэцяга паверха. Малюнак не меў у сабе нiчога незвычайнага, а вось надпiс мяне збянтэжыў i нават трохi занепакоiў.
