
ГЭТА НЕ МОЖА
БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА
НЕ МОЖА
Словы, дзе хавалася трывога, а мо i роспач, належалi вiдавочна не дзiцёнку, хоць i былi напiсаныя буйнымi друкаванымi лiтарамi, што тоўпiлiся i, як сляпыя, натыкалiся адна на адну. Так мог пiсаць чалавек на моцным падпiтку альбо ў скрайняй расхваляванасцi.
Тут, безумоўна, таiлася нейкая загадка, i яе бударажлiвае адчуванне абяцала пераўтварыцца ў сюжэт, а потым у навелу.
Паляжаўшы колькi хвiлiнаў у цемры, я павярнуўся да сцяны-мапы i ўключыў падсветку. На жоўта-зялёнай прасторы хутка ўдалося знайсцi Парыж, а за iм Лондан i Стакгольм. Дом аддзяляла ад вулiцы такая адлегласць, што шум транспарту сюды не далятаў. Чорныя кропкi з назвамi эўрапейскiх сталiцаў зрушылiся з месца i закружылiся ў карагодзе. Я дрымотна нацiснуў клавiшу на панелi i, засынаючы, паспеў усцешана падумаць, якiя цiхiя вечары чакаюць мяне наперадзе.
Другi камплект ключоў спатрэбiўся нашмат раней, чым я меркаваў.
Я наняў кватэру ў сакавiку, а на пачатку наступнага месяца яна ўжо чула жаночы голас.
Як i абсалютная большасць такiх знаёмстваў, нашае - ад сустрэчы на стаянцы таксi да пакiнутага нумара тэлефона - было наборам банальных слоў i ўчынкаў. Праўда, тэлефон я даў свой - не столькi таму, што Наташа мне адразу спадабалася, як з прычыны беспрасветна здзеклiвага маўчання майго белага тэлефоннага апарата.
Я не цешыў сябе спадзяваннямi на прарыў гэтае блакады, але праз два днi тэлефон загаварыў Наташыным голасам.
Яна зрабiлася маёй у самы першы вiзiт сюды i потым прызнавалася, што вельмi праз гэта перажывала. У тыя днi нашы адносiны ўжо дазвалялi мне растлумачыць Наташы, што яна проста даверылася жаночай iнтуiцыi, а тая нашэптвала, што новы знаёмы не будзе трацiць час на дзеяннi, якiя адзiн ягоны сябар калiсьцi назваў танцам паўлiна. Мая сяброўка згадзiлася. Яе русая галоўка з дзвюма падкручанымi ля скроняў даўгiмi кудзеркамi ляжала ў мяне на плячы. Чорная штора захiнала нас ад дзённага святла i астатняга свету. З прайгравальнiка, якому пасля Наташынага з'яўлення я вызначыў месца на столiку каля мапы, лiлася лютневая музыка, а на падлозе пры ложку стаяла пляшка чырвонага вiна.
