- Ану падхапi! - крыкнуў ён, спынiўшы матор, i яго басавiты голас над цiхай ракой прагучаў дабрадушнай камандай.

- Навошта! - нязгодна прыўстаў за ветравым шклом Юра. - Я сам.

Ён спрытна перакiнуў цераз верх шкла сваё загарэлае, доўгае, надта худое цела, легка саскочыў на водмель, i яны разам з Пятровiчам усцягнулi мiж камянёў на бераг дзюралевы нос лодкi. Затым, пакуль Каламiец адкiдваў i зачахляў матор, Юра ў закасаным да каленяў сiнiм трыко выгружаў з лодкi рукзакi, донкi, падкормку, а стары, як незнаёмы, стаяў убаку i пiльна глядзеў цераз раку на той яе бераг, быццам убачыў там штось дужа важнае. Ён засяроджана, амаль маркотна маўчаў, i яны, занятыя сваей справай, не звярталi на яго ўвагi.

Калi несамавiтыя рыбацкiя прылады былi выгружаны на бераг, Каламiец адразу ж, пакуль не зусiм змерклася, заняўся сваiмi донкамi, а Юра, скалануўшыся ад рачной свежасцi, пачаў таропка нацягваць на плечы сiнi спартыўны свiтэр.

- А як у нас з палiвам сёння, Пятровiч?

Стары не адразу адарваў ад таго берага засяроджаны позiрк сваiх выцвiлых, слязлiвых вачэй i вузлаватымi пальцамi вялiкiх спрацаваных рук перабраў роўны рад гузiкаў на зашмальцаваным вайсковым кiцелi. - Трошкi назбiраў. Але мала.

Юра па камянях узбег на абрыў, дзе ляжаў невялiкi, перавязаны старой вяроўчынай абярэмак ламачча.

- Э, малавата.

- Я так думаю, што звечара можна i не палiць, - марудна, са старэчым намаганнем ускараскаўшыся на абрыў, цiха загаварыў Пятровiч. - Пад ранак лепей. На золку. Звечара людзi ўсюды, калi што - памогуць. А як пад ранак паснуць, хто паможа?..

Цяжка валюхаючы ў кiрзавых ботах, ён адышоўся на тры крокi ад абрыву i сеў. З расстаўленых каленяў звесiў свае пакручастыя, быццам каранi, рукi. Пакутлiвы позiрк яго хутка абмiнуў раку i звыкла спынiўся на тым яе беразе з лодкамi.

- Яно можна i пад ранак, - згадзiўся Юра. - Але i ноччу не шкодзiла б. Можа, я падскачу, таксама чаго пашукаю ў рове?



2 из 6