- Ноччу б, ведама, лепш... А то як пазнаюць? Раней дык вунь хутар быў. А цяпер няма. I гэты мост новы... Незнаёмы.

- Вось iменна.

- Маленькае хаця б вогнiшча. Абы тлела - будзе вiдаць.

- Павiнна вiдаць. Дык я збегаю, пакуль не сцямнела! - крыкнуў Юра з абрыву, i Каламiец унiзе, якi начапляў прынаду, незадаволена павярнуў галаву.

- Ды кiнь ты з гэтымi вогнiшчамi! Пакуль не сцямнела, давай лепш пазакiдаем! А то агонь - патрэба такая! Вунь кухвайка ёсць.

- Ладна, я зараз! - кiнуў Юра i спрытна палез па камянях да прыцьмелага ў раўку алешнiку.

Стары моўчкi прыцiх на абрыве, i яго аброслы шызаю шчэццю твар набыў выраз даўняй звыклай задумлiвасцi. Ён доўга напружана маўчаў, машынальна перабiраў пальцамi зашмальцаваныя краi кiцеля з чырвоным кантом па краi; слязлiвыя вочы яго праз пагусцелыя прыцемкi ўпарта глядзелi ў зарэчча. Каламiец унiзе размахаў канцом вуды i спрытна закiнуў яе ў маслянiстую гладзь вады. Блiснула капронавая нiтка, i грузiла з цiхiм пляскам нырнула ў раку, лёска струнка напялася.

- Ты во што, дзед, - рэзкiм голасам сказаў ён пад абрывам. - Гэта самае... Кiнь дурня строiць, камедзiю iграць. Нiхто ўжо адтуль не прыйдзе. Паняў?

Пятровiч на абрыве лёгенька схамянуўся, нiбы ад сцюжы, пальцы яго на грудзях знерухомелi, i ўся яго худая, кастлявая пад кiцелем постаць жаласна сцялася. Але позiрк яго па-ранейшаму быў скiраваны да зарэчнага берага, на гэтым, здавалася, ён не заўважаў нiчога i быццам бы нават i не ўчуў няласкавых слоў Каламiйца.

- Яны ўсе цябе, дурня, за нос водзяць, паддакваюць. А ты i верыш. Прыйдуць! Хто прыйдзе, калi ўжо вайна вунь калi скончылася? Падумай сваей башкой!

На рацэ прыкметна цямнела, шэрая постаць Каламiйца невыразна варушылася ля самай вады. Болей ён нiчога не сказаў старому i ўсё корпаўся з прынадай i вудамi, а Пятровiч, нейкi час пасядзеўшы моўчкi, загаварыў з застарэлым болем у голасе:



3 из 6