- Дык гэта малодшы, Толiк... Вачамi захварэў. Як змеркнецца, нiчога не бачыць. Старшы, той бачыў добра. А калi са старшым што?

- Што са старшым, тое ж i з младшым! - груба абарваў яго Каламiец. Вайна, яна нi з кiм не лiчылася. Ды яшчэ ў блакаду.

- Ну, - проста пагадзiўся стары, - акурат блакада была. Толiк з вачамi тыдзень дома пабыў, аж прыбягае Цiмка. Кажа: абклалi з усiх бакоў, сiлы мала. Ну i пайшлi. Малодшаму шаснаццаць было. Астацца прасiў - нi ў якую. Як немцы ўбяруцца, сказалi, каб агонь расклаў...

- Ось галава! - здзiвiўся Каламiец i нават прыўстаў ад сваiх донак. Сказалi раскласцi! Калi гэта было? - Ды на пятроўку. Акурат на пятроўку, ага...

- На пятроўку! А колькi таму гадоў мiнулася, ты кумекаеш?

- Гадоў?

Стары, падобна было, з нейкай натугай здзiвiўся i, здаецца, упершыню за вечар адарваў свой пакутлiвы позiрк ад ледзьве прыкметнай у прыцемках лясной лiнii берага.

- Ага, гадоў? Гэта ж дваццаць пяць год мiнула, галава яловая.

Грымаса глыбокага болю зморшчыла старэчы твар чалавека, вусны яго зусiм па-дзiцячы крыўдлiва скрывiлiся, вочы хуценька зацепалi, i погляд разам патух. Вiдаць, толькi цяпер да азмрочанай яго свядомасцi пачаў марудна даходзiць увесь страшны сэнс яго шматгадовай памылкi.

- Дык гэта... Дык гэта як жа?..

Напяўшыся ўвесь у якiмсь намаганнi, ён, мабыць, хацеў i не мог выказаць нейкую важную сваю думку, i ад гэтага непасiльнага напружання позiрк яго стаў нерухомы, страцiў усякi сэнс i зышоў з таго берага.

- Я табе кажу: кiнь гэтыя забаўкi, - корпаючыся ля вудаў, пераконваў унiзе Каламiец. - Рабят не дажджэшся. Амба абодвум. Ужо дзе-небудзь i костачкi згнiлi. Ось так!

Стары маўчаў, як глухi. Заняты сваей справай, змоўк i Каламiец. Змрок блiзкае ночы хутка паглынаў бераг, хмызняк; з прырэчных равоў папаўзлi шэрыя космы туману, лёгкiя дымчастыя струменi яго пацягнулiся над цiхiм плёсам. Хутка цямнеючы, рака губляла свой дзённы бляск, змрочны той бераг шырока перакулiўся ў яе глыбiню i залiў рачную паверхню гладкай блiшчастай цемрай.



4 из 6