- Чым цiкава жыццё, - казаў адзiн дуб, - дык гэта тым, што яно хоць i iдзе па пэўных законах, але вечна змяняецца i разгортвае новыя старонкi. I колькi б ты нi жыў, нiколi не пасягнеш яго мнагалучнасцi.

- У гэтым i ёсць мудрасць жыцця, брат мой дуб, бо калi б мы пазналi яго таямнiцы, нам не было б i ахвоты жыць на свеце.

- I няўжо ж нiколi, ну, не мы, а нашы патомкi, не дасягнуць гэтага сусвету ва ўсёй яго складанасцi?

- Думаю, што нiколi. Бо вось i мы: чым больш высока падымаемся над зямлёю, тым большыя i шырэйшыя далягляды адчыняюцца перад намi... Я, ведаеш, люблю гэтыя блiскучыя зоры: iх святло i вабiць i прыцягвае.

- Знайшоў чым захапляцца, дурань стары! Хi-хi-хi! - пачуўся новы тоненькi-тоненькi галасок, якi iшоў аднекуль з-пад каранёў дуба.

Чалавек зiрнуў унiз. Па дубовых каранях i па траве пад дубамi поўзалi харошанькiя светлячкi. Галоўкi ў iх былi цёмныя, можа, iх зацямняла ноч, бо яна стаяла тут недалёка i таксама слухала музыку цiшынi i шолахi прыроды, яе гутарку. Затое ж жывоцiкi гэтых светлячкоў-жучкоў свяцiлiся зеленаватымi агеньчыкамi. Але трэба было вельмi ўважлiва прыглядацца, каб iх прымецiць. Чалавек стаў слухаць, аб чым гаманiлi светлячкi. Iх было тут вельмi многа. З iх чарады абабраўся адзiн жучок. Сам ён быў тоненькi, але жывоцiк меў крыху таўсцейшы, з прычыны чаго i агеньчык яго выдаваўся крыху больш прыметна. Ён прымасцiўся на кары дубовага кораня, нарыхтаваўшыся сказаць прамову жучынай грамадцы. I ён сказаў:

- Ёсць многа на свеце агнёў, але яны аджылi свой час. Жыццё не стаiць на адным месцы, як казаў - вы чулi самi - i гэты дуб, значыць, i агонь павiнен перайсцi ў iншыя формы. Такiмi формамi i з'яўляемся мы, чуеце, жучкi? Мы! Я засмяяўся - вы чулi? Я засмяяўся, калi пачуў ад гэтага старога дуба, што яму падабаецца святло зорак... Дзiўная справа гэта заскарузласць на свеце! Тут, пад яго ўласным карэннем, на яго ўласнай кары, запалiлiся для свету новыя агнi, а ён iх не бачыць. Ды якiя агнi!.. Эй, жучок на лiстку сунiцы!



2 из 3