
Красавала вясна i дарыла шчодра вянкi, яснюсенькiм золкам завiвалася на ўсходзе, у блiскучай плынi купалася ў поўдзень, залатымi iскрамi залiвала захад i расплятала з сваiх цёмна-русых кос агнiстыя стужкi i развешвала iх на бязмежных нябесных прасторах... Красавала вясна i дарыла шчодра вянкi.
I шумела буйнае лiсце на Кучаравым дрэве, голасна шумела зялёнае. А ў гэтым шуме чулiся рытмы жыцця, сталыя аповесцi аб тым, што тварылася навакола "пад родным небам", "на зачарованых гонях". I цiша i громы пакiдалi сляды на струнах Кучаравага дрэва, i ў перамовах яго буйнага лiсця чуўся iх голас. Лашчыла лiсце ноч i разгортвала перад iм i чары свае, i таемнасць сваю, i тыя падзеi, што адбывалiся пад заслонаю змроку.
I сыходзiлiся русалкi чарадою пасядзець на карэннях Кучаравага дрэва i паслухаць шум лiсця. I лясун развешваў струны гусляў сваiх, каб пераняць песенныя чары зялёных лiстоў.
Гучна шумелi суседнiя дрэвы, гул задавалення бег ад вяршынi да вяршынi. Так разносiўся голас Кучаравага дрэва па лесе, так шумела буйнае лiсце ў росквiце вясны.
Але не адным толькi гэтым жыло Кучаравае дрэва. Можа, я не зусiм дакладна выкажу сутнасць яго прыроды, калi скажу, што дваiстым жыццём жыло Кучаравае дрэва.
Гайдалiся песнi яго на галiнках у лесе. Вечарамi i ў часе свiтання гэтым песням уторыў салавей, i ад звонкага дзiцячага смеху калыхаўся, дрыжаў ручаёк, расплываючыся срэбрам па лесе i слухаючы гэтыя песнi. А хто iх чуў, той казаў або думаў сабе: "Вось шчаслiвае дрэва! Эх, каб мне быць такiм!"
Так гайдалiся песнi на галiнках па лесе. Лес iх чуў, чула поле, i луг, i трава, i вада, i збожжа на полi, але цi ведаў хто аб думках Кучаравага дрэва?
А былi ў яго думкi, глыбока затоеныя, для чужых вачэй i вушэй непрыметныя i нячутныя. Часамi супакойвалiся яны i нiбы знiкалi зусiм, а часамi вiхрылiся, бы мяцелiца ў полi, i балючы след пакiдалi дзесь там, у глыбiнях, а сукрыта жылi i жылi. Хто iх ведаў? Хто iх чуў? Нiхто. Адчувала iх толькi само Кучаравае дрэва ды той вецер-лятун трохi ведаў. Ой, шмат чаго ведае ён! Недарма ж ён вiхрыцца па свеце. Нават голас былiнкi не мiне яго вуха.
