Набяжыць гэты вар'ят-вецер, прыпадзе гарачаю шчакою да халоднага лiсця i пачне i пачне шалясцець-шапацець аб тых дрэвах, што параскiданы, як i гэтае дрэва, па ўсiх прасторах зямлi. У гэтым шэпце неспакойнага ветру чулiся дакоры тых дрэў i скарга iх на Кучаравае дрэва: i навошта яно так моцна зраслося з гэтым грунтам? I каму яно аддае гэты песенны дар? А для iх, для раднi, дзе i быў заложан гэты дар, што дае? Адзiн толькi водгук прыгожых песень, толькi водблiск агню, адны толькi iскрачкi з таго кастра, што гарыць для другiх.

Шумiць-шалясцiць неспакойны вецер, калыша буйнае лiсце. Многа гарчэчы ў гэтым шалясценнi беспрытульнага ветру.

Слухае Кучаравае дрэва, i постаць яго ахiнаецца ў цень. I шэпча яно ў адказ гэтым звадлiвым, горкiм дакорам:

- Ну, што ж. Так сталася. Я тут вырасла. Сокi гэтай зямлi, куды ўрасло маё карэнне, пералiлiся ў сэрца маё i ў думкi мае, i гучаць яны ў песнях маiх...

Эх, многа цяжкiх хвiлiн перажыло Кучаравае дрэва!

У глыбi, дзесь у нетрах гэтай глыбi, ёсць нiкому невiдочныя скрыжалi, а на iх запiсаны мукi i боль, аб якiх часам нiхто не ведае i не здагадваецца.



3 из 3